HRW: Беларускія ўлады разгарнулі шакавальны татальны наступ на свабоду мірных сходаў


Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch апублікавала справаздачу аб масавых арыштах і збіцці пратэстоўцаў падчас Дня Волі. Праваабаронцы называюць “шакавальнымі” паводзіны беларускіх уладаў і заклікаюць паважаць базавыя свабоды.

«Напярэдадні і падчас пратэстаў на Дзень Волі беларускія ўлады разгарнулі шакавальны татальны наступ на свабоду мірных сходаў – кажа эксперт Human Rights Watch па Беларусі Юлія Гарбунова, – Яны мусяць неадкладна вызваліць усіх, хто быў затрыманы ў сувязі з пратэстамі, і расследаваць заявы аб недазволеным абыходжанні з боку міліцыі».

У справаздачы адзначаецца што падчас сакавіцкіх акцыяў пратэсту ў Беларусі было адвольна затрымана ня менш за 700 чалавек – у тым ліку звыш за 100 журналістаў і 60 праваабаронцаў. Шмат хто з затрыманых падвергнуўся збіццю і іншаму недазволенаму абыходжанню з боку міліцыі. Пасля Дня Волі беларускія суды вынеслі рашэнні аб прыцягненні па сфабрыкаваных абвінавачваннях да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу або арышту 177 чалавек, адзначаюць у Human Rights Watch. У справаздачу ў тым ліку асобна ўключаны гісторыі пераследу журналістаў Белсату – Алеся Залеўскага, Алеся Баразенкі, Ларысы Шчыраковай і Кацярыны Андрэевай.

Human Rights Watch нагадвае што паводле міжнародных стандартаў мірны пратэст не патрабуе папярэдняга дазволу ўладаў. Нават калі ўлады не папярэджаны аб мірных сходзе загадзя, гэтая акалічнасць не робіць сход незаконным і не зʼяўляецца падставай для пераследу ягоных удзельнікаў.

«Ні ў каго з міжнародных партнёраў Беларусі не павінна быць ніякіх ілюзіяў адносна колькі-небудзь рэальнай змены стаўлення ўлады да яе абавязацельстваў у галіне правоў чалавека. Яны павінны паслядоўна патрабаваць ад Менска вызвалення затрыманых і павагі да базавых свабодаў» – кажа Юлія Гарбунова.

Human Rights Watch пакуль утрымліваецца ад таго каб даваць канчатковыя ацэнкі справе «Белага легіёна», але ўжо зараз адзначае шматлікія працэсуальныя парушэнні з боку праваахоўных органаў.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў