Беларускія турысты ўпершыню пасля пачатку вайны на Данбасе сталі часцей наведваць Украіну, чымся Расею


Прыкладна 20 % усіх беларускіх турыстаў едуць на вандроўкі ў краіны СНД. Пры гэтым у 2017 годзе большасць з іх паехала ва Украіну, а не ў Расею, сведчаць дадзеныя новага статыстычнага зборніка Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі.

Агулам 727 536 беларускіх турыстаў паехалі за мяжу ў 2017 годзе.

Чорнае мора і Карпаты перамаглі вайну

Адэса. Фота miszmag / flickr.com

У 2017 годзе 91.234 беларуса адправіліся ў Украіну, а 46 736 асобаў – у Расею. Такім чынам упершыню з 2014 года, калі Масква анексавала ўкраінскі Крым, а прарасейскія баевікі пачалі вайну супраць Украіны на Данбасе, беларускі турыстычны струмень у Украіну стаў большым, чымся ў Расею.

Гэтак, калі ў 2013 годзе ва Украіну паехалі амаль 176 тыс, то ў 2014 – толькі 5,5 тыс. Потым стала бачная тэндэнцыя аднаўлення: 2015 год – 18,5 тысячы асобаў, 2016 год – амаль 46 тысяч.

У той жа час з 2016 года падала колькасць беларускіх турыстаў, якія ехалі ў Расею – калі ў 2015 годзе іх было 130,5 тысячы, то ў 2016 годзе – 71,5 тысячы, а ў 2017 – 46,7 тысячы.

Агулам у краіны СНД у 2017 годзе адправіліся 138 447 беларусаў.

Далёкае замежжа

Фота Dennis Jarvis / flickr.com

У краіны па-за СНД паехалі ў мінулым годзе амаль 600 тыс. беларусаў. Абсалютныя рэкардсмены тут Турцыя і Егіпет – 140 і 124 тыс. алавек адпаведна.

За імі ідуць таксама краіны пераважна марскога адпачынку – Балгарыя, Грэцыя, Іспанія, Чарнагорыя.

Заўважным выключэннем з’яўляецца хіба што Польшча, папулярная блізасцю сваіх адносна танных крамаў. Яе наведалі ў 2017 годзе 36 тыс. беларусаў.

Турысты ў Беларусь

Мірскі замак . Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Агулам колькасць замежных турыстаў, якія прыбылі ў Беларусь у 2017 годзе вырасла да амаль 283 тысяч з 217 тысяч годам раней. З гэтай колькасць большасць – 192 тысячы – грамадзяне Расеі.

Больш чым у два разы вырас турыстычны струмень з краін па-за СНД – да 84 тысяч з 38 тысяч. Лідарамі тут сталі Литва (26 тысяч турыстаў) і Польшча (23 тысячы).

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў