Беларускія тавары ва Украіне падаражэюць


Экспарцёры беларускіх тавараў ва Украіну з новага году будуць плаціць дадатковае мыта праз «несяброўскія паводзіны» Беларусі.

Украінская камісія па міжнародным гандлі ўводзіць 20 студзеня 2016 года спецыяльнае мыта на беларускія тавары ў памеры 39,2 % ад мытнай вартасці прадукту. Прычынай такога кроку сталі недружалюбныя і дыскрымінацыйныя, з пункту погляду Украіны, дзеянні беларускага боку. У афіцыйным паведамленні міжведамаснай камісіі ідзе гаворка пра дыскрымінацыю нашай краінай украінскіх прадпрыемстваў кандытарскай і піўной галінаў.

Такі крок украінскіх мытнікаў звязаны з пастановай беларускага Саўміна №666, якая ўступіла ў сілу 27 жніўня, і датычыць экспертызы тавараў замежнай вытворчасці. Працэс экспертызы не прапісаны належным чынам:

не вызначаныя ні лабараторыі, у якіх трэба атрымліваць такі сертыфікат, ні канкрэтныя паказчыкі бяспекі. І хоць беларускія чыноўнікі запэўнівалі, што сумленныя імпарцёры атрымаюць ільготы, а ўкраінскія тавары не падаражэюць, тым не менш, відаць, што ўкраінскія кандытары і бровары, якія шырока былі прадстаўленыя на беларускім рынку, пачалі несці вялікія страты.

Новым мытам ва Украіне будуць абкладзеныя амаль усе беларускія тавары – ад селядцоў да шкарпэтак, ад ільняных кашуляў да трактароў.

У паведамленні гаворыцца, што мыта будзе знесенае пасля спынення Беларуссю дыскрымінацыі ўкраінскіх тавараў.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў