Беларускія спартоўцы трапіліся ў Францыі з допінгам


Беларускія весляры патрапіліся з мяльдоніям, пасля чаго ўзялі ўдзел у этапе Кубка свету.

Le Monde паведамляе, што 12 красавіка французскае антыдопінгавае агенцтва з падазрэннем на ўжыванне беларусамі забароненых рэчываў правяло вобшукі ў беларускіх спартоўцаў, якія бралі ўдзел у зборы у Францыі. Ператрус дазволіў пракурор гораду Ажэн.

17 допінг-пробаў беларускіх весляроў паказалі станоўчы вынік на забароненае рэчыва мяльдоній, канцэнтрацыя якога ў крыві спартсменаў не ўдакладняецца. Акрамя таго, адзначаецца, што падчас ператрусу былі знойдзеныя сляды «цяжэйшага допінгу, чымся мельдоній», «стымулятары» і «прылады для падскурнага, унутрацягліцавага і іншых спосабаў увядзення лекаў». Некалькі затрыманых спартоўцаў прызналіся, што ўжывалі забаронены сродак.

Цікава, што падчас этапу Кубку свету, які праходзіў 21 і 22 траўня ў нямецкім Дуйсбургу, Беларусь не адклікала аніводнага з тых спартоўцаў, што патрапіліся ў Францыі. На гэтым турніры беларусы заваявалі дзесяць медалёў.

Галоўны трэнер зборнай Уладзімір Шантаровіч адзначыў, што ператрус весляроў у Францыі з мэтай пошуку мяльдонія з’яўляўся правакацыяй, накіраванай на адхіленне зборнай ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанейра.

Для прыняцця рашэння наконт таго, хто зараз паедзе ў Бразілію, у трэнераў і чыноўнікаў ёсць, аднак, поле для манеўра: нацыянальная каманда мае 12 неімянных ліцэнзіяў.

Беларуская зборная па веславанні і каноэ – адна з наймацнейшых у свеце.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў