Беларускія разведчыкі паказалі новую ўніформу на вучэннях «Пошук-2016» у Таджыкістане


У гарах Таджыкістану прайшлі самыя маштабныя вучэнні ў гісторыі выведкавых падраздзяленняў узброеных сілаў дзяржаў–сябраў АДКБ. У «Пошуку-2016» узялі ўдзел 40 беларускіх байцоў вайсковай і адмысловай выведкі. Усяго ў вучэннях былі задзеяныя каля паўтары тысячы вайскоўцаў з Казахстану, Таджыкістану, Кыргызстану ды Расеі.

Паводле легенды вучэнняў, вайскоўцы шукалі і знішчалі тэрарыстычныя групы ў горнай мясцовасці.

Нашыя разведчыкі прыкметна адрозніваліся ад сваіх калегаў не толькі падрыхтоўкай, але і камплектамі экіпіроўкі і ўзбраення, піша«Беларуская вайсковая газета».

«Дадзеныя ўзоры формы маюць выдатныя маскіруючыя ўласцівасці як ва ўмовах лясіста-балоцістай мясцовасці, так і ва ўмовах высакагорʼя. Новыя берцы і форма, пашытыя на беларускіх прадпрыемствах, выдатна паказалі сябе ў мясцовых кліматычных умовах. У цэлым наша экіпіроўка дазваляе выконваць любыя задачы ў дадзенай мясцовасці», – пракаментаваў новаўвядзенні ўніформы прадстаўнік Генштаба беларускай арміі на вучэннях палкоўнік Алег Тупік.

На вучэннях беларускія жаўнеры захоплівалі мінамётныя пазіцыі «баевікоў», вялі агонь з мінамётаў, а напрыканцы паказалі майстар-клас па тактычнай хуткаснай стральбе пры раптоўнай сустрэчы з праціўнікам.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў