«Беларускія прадукты заўсёды смачныя і свежыя»


 Саюз саюзам, а харчовую вайну працягваюць. «Рассельгаснагляд» увёў часовыя санкцыі супраць пяці беларускіх прадпрыемстваў малочнай вытворчасці. Паводле расейскіх інспектараў, прычына – прысутнасць у харчах мікробнага забруджвання, антыбіётыкаў ды празмерная колькасць кансервантаў.

Харчовая вайна працягваецца. Паводле Рассельгаснагляду, беларускія прадпрыемствы, праінспектаваныя ім у кастрычніку ня выправілі выяўленых у іх парушэнняў. Таму, расейскае ведамства выканала сваю пагрозу і з 7 снежня забараніла ім імпарт у Расею.

Чатыром малочным камбінатам: Рагачоўскаму, Слуцкаму, Наваградскаму, Смаргонскаму і кампаніі Мілкавіта Рассельгаснагляд, сярод іншага, закідае выкарыстанне ў малацэ шкодных для спажывання ветэрынарных лекаў і парушэнні бяспекі ў тэхналагічным працэсе. Адмыслоўцы прызнаюць, што парушэнняў у айчынных сельскагаспадарчых тэхналогіях хапае.

«Гэтыя 5 малочных заводаў можна было і не адчыняць для расейскага рынку. Напэўна ня толькі гэтых пяць. Але з палітычных прычын яны прысутнічалі на рынку расейскай федэрацыі, і з палітычных прычын у любы момант яны будуць абсалютна законна з патрабаваннямі санітарыі зачыненыя» – зазначае Аляксандр Ярашук, экс-куратар сельскагай гаспадаркі па Менскай вобласці.

Раней Уладзімір Пуцін агучваў прэтэнзіі прэзідэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева афіцыйнаму Менску яшчэ ў тым, што замест натуральнага малака Беларусь экспартуе разбаўленае парашковае.

Ці адпалохвае расейскіх спажыўцоў такая антырэклама на беларускія харчы, мы спыталіся ў самых масквічоў.

«Прадукты заўсёды смачныя і свежыя. Ані разу імі не атручваўся» – зазначае мінак.

Іншыя масквічы называюць беларускія прадукты смачнай і здаровай ежай і дадаюць, што не давяраюць Рассельгаснагляду.

«Па-мойму Рассельгаснагляду – гэта ўжо арганізацыя, якая займаецца нейкімі палітычнымі гульнямі» – мяркуе жанчына.

Асноўнай прычынай актывізацыі Рассельгаснагляду адмыслоўцы лічаць падазрэнне ў рээкспарце нашай краінай малочных прадукіаў з Еўразвязу і Украіны. Адмыслоўцы адзначаюць, што гэтыя закіды выглядаюць праўдападобна. Бо пры сёлетнім змяншэнні пагалоў’я кароў на адзін адсотак, сухога малака нашая краіна экспартавала ў Расею на 20 адсоткаў больш, чым летась.

Адначасова з ціскам на айчынныя малочныя прадпрыемствы Рассельгаснагляд узмацняе кантроль за імпартам з Беларусі расліннай прадукцыі трэціх краін. За апошні месяц у адной толькі Смаленскай вобласці было затрымана і знішчана 230 тон садавіны ды гародніны з падробнымі, на думку Масквы, фітасанітарнымі сертыфікатамі.

Аляксандр Ярашук, які некалі быў куратарам сельскай гаспадаркі па Менскай вобласці адзначае, што на сённяшні дзень толькі кантрабандны экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі ў Расею з’яўляецца для Беларусі прыбытковым. Бо вытворчасць айчыннага малака каштуе больш, чым расейскія пакупнікі гатовыя за яго заплаціць.

Станіслаў Івашкевіч, Belsat.eu

Стужка навінаў