Беларускія пілігрымы – хто яны? Фотарэпартаж з Будслава


Сёлета ў Беларусі адзначылі 25-годдзе адраджэння пілігрымак да аднаго з найбольш шанаваных у Беларусі абразоў – выявы Маці Божай Будслаўскай.

Сёлетнія ўрачыстасці ў Будславе прайшлі 3-4 ліпеня. Дэвіз святаў – «Марыя – прытулак грэшных». Удзел ва ўрачыстасцях узялі каля 10 тыс. чалавек, з іх каля 3 тысяч – гэта пешыя пілігрымы.

Чытайце яшчэ: Каталіцтва з беларускім каларытам – вернікі і святары ў вышыванках

Belsat.eu пагутарыў з некаторымі з пілігрымаў.

Алесь з Баранавічаў. Трэці раз у пілігрымцы. Да веры прыйшоў праз бацькоў, які з маленства вадзілі яго ў касцёл. У пілігрымку пайшоў, каб ахвяраваць некалькі дзён, больш спазнаць сябе і людзей, якія побач, мець магчымасць дапамагчы іншаму.

Дзяўчынкі з Астраўца і Гудагаю. Некаторыя з іх у пілігрымцы ўжо 5 раз. Іхнае паломніцтва сёлета доўжылася 7 дзён. Кажуць, што пілігрымка ўзмацняе іхную веру, прыводзіць у лад унутраны стан, дапамагае асягнуць адзінства, калі ўсе адзін за аднаго.

Сястра Наталля з Віцебску. У пілігрымцы ўжо 4 раз. Вырасла ў сям’і атэістаў. У 11-м класе пачала наведваць касцёл, а пазней вырашыла стаць манашкай.

Алена з Мядзела. Вырушыла разам з Нарачанскай пілігрымкай. Пілігрымка для яе – святло для душы, вялікае пачуццё шчасця, атмасфера дабра і еднасці з Богам.

Павал з Менску. Гэтым разам не ішоў пешшу, хоць раней быў актыўным пілігрымам. Хоча пайсці ў пакутную пілігрымку, дзе ўдзельнікі спажываюць толькі хлеб і ваду.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары