Беларускія памежнікі: Пластыкавы пашпарт? Не смяшыце! Гэта не дакумент!


Украінскае МЗС адрэагавала на заяву Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі пра новыя біяметрычныя пашпарты ўкраінцаў.

Прадстаўнікі беларускага ведамства заявілі, што пашпарт грамадзяніна Украіны ў выглядзе ID-карты (электроннага пашпарта) пакуль не разглядаецца як сапраўдны дакумент, які дазваляе мінаць беларускую мяжу.

Дэпартамент консульскай службы (ДКС) МЗС нашай паўднёвай суседкі нагадаў, што паміж Украінай і Беларуссю дзее міжурадавае пагадненне аб бязвізавых паездках грамадзянаў ад 12 чэрвеня 2009 года. Паводле артыкулу 1 гэтага пагаднення ўкраінцы павінны мець пры сабе адзін з наступных дакументаў: пашпарт грамадзяніна Украіны, пашпарт грамадзяніна Украіны для выезду за мяжу, дыпламатычны, службовы пашпарт, праязны дакумент дзіцяці.

Пагадненне прадугледжвае неабходнасць «неадкладнага інфармавання па дыпламатычных каналах пра увядзенне новых дакументаў або пра ўнясенне зменаў у дакументы, якія выкарыстоўваюцца згодна мэтамі гэтага пагаднення, і адначасовага накіравання іх узораў».

«У сувязі з увядзеннем Украінай афармлення пашпартоў грамадзяніна Украіны ў форме пластыкавай карты беларускаму боку загадзя ў снежні 2015 года былі накіраваныя адпаведная дыпламатычная нота і ўзоры электронных пашпартоў», – падкрэсліваецца ў паведамленні ДКС МЗС Украіны праз «Facebook».

Паводле ўкраінскіх дыпламатаў, «перасцярог з беларускага боку адносна іх (пашпартоў – заўв. belsat.eu) выкарыстання ў межах згаданага пагаднення ў МЗС не паступала».

ДКС паведамляе, што з ініцыятывы беларускага боку найбліжэйшым часам плануецца правядзенне кансультацыяў у пытаннях рэалізацыі нормаў міжурадавага дакументу. Электронныя пашпарты Украіна ўвяла 1 студзеня 2016 года.

ЮВ, belsat.eu, паводле belapan.by

Глядзі таксама
Каментары