Памежнікі апублікавалі топ-5 здарэнняў на мяжы. Прарыву ўкраінскага джыпу з «узброенымі радыкаламі» там няма


Дзяржпагранкамітэт Беларусі апублікаваў відэа топ-5 здарэнняў на мяжы ў 2017 годзе. У топ чамусьці не ўвайшоў інцыдэнт 20 сакавіка, калі, паводле сілавікоў, узброеныя людзі на аўтамабілі нібыта спрабавалі прарвацца праз беларуска-украінскую мяжу. Тады дзяржаўныя прапагандысты параўноўвалі гэтую гісторыю з падзеямі 22 чэрвеня 1941 года.

Нагадаем, 20 сакавіка, у разгар пратэстаў недармаедаў Дзяржпагранкамітэт Беларусі паведаміў пра спробу прарыву машыны Jeep праз мяжу з боку Украіны ў раёне прапускнога пункта «Аляксандраўка». Двое з трох пасажыраў аўтамабіля былі затрыманыя, пры іх нібыта было знойдзеныя пісталеты і траціл з дэтанатарамі. У прапагандысцкім фільме «Белы легіён чорных душ» сцвярджалася ў сувязі з гэтым інцыдэнтам, што настолькі цяжкой сітуацыя на беларускай мяжы была «хіба што 22 чэрвеня 1941 года».

Следчы камітэт тады распачаў крымінальную справу па арт. 333-1 (незаконнае перасячэнне мяжы), аднак далейшы лёс гэтай справы на дадзены момант невядомы. Афіцыйны Кіеў у сваю чаргу заявіў, што ўкраінскую мяжу аўто не перасякала.

На наступны дзень пасля інцыдэнту ў «Аляксандраўкі» Аляксандр Лукашэнка выступіў з гучнай заявай: у Беларусі затрымана некалькі дзясяткаў баевікоў, якія праходзілі вайсковую падрыхтоўку ў спецыяльных лагерах. Гэта стала пачаткам справы «Белага легіёну».

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў