Беларускія навукоўцы: Балота Ельня можа штогод прыносіць $ 30 млн прыбытку


У Нацыянальнай акадэміі навук сцвярджаюць, што патэнцыял беларускіх верхавых балотаў ацэньваецца ў сотні мільёнаў долараў.

Лічбы і высновы падаюцца ў даследаванні верхавога балота Ельня (Віцебская вобласць), якое правёў Інстытут эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук.

Прыродныя багацці адроджанай Ельні ацэньваюцца ў $ 300 млн. Пры аднаўленні гідралагічнага рэжыму і экалагічнай раўнавагі водна-балотны комплекс «Ельня» можа прыносіць больш за $ 30 млн штогадовага прыбытку, мяркуюць навукоўцы.

Самы каштоўны рэсурс верхавых балотаў – прэсная вада. Паводле навукоўцаў, без уліку азёраў, у балоце Ельня захоўваецца больш за 450 млн куб.м. вады. Зыходзячы з рынкавых коштаў, яе аднаразовы кошт складае каля $ 247 млн.

Акрамя таго тарфянік – гэта прыродная сарбцыйная ўстаноўка. Кожны забалочаны гектар здольны прапускаць праз сябе ў суткі 680 тонаў вільгаці, выдаляючы з яе шкодныя прымешкі. Абслугоўванне прамысловай устаноўкі магутнасцю, супастаўнай з Ельняй, складзе мінімум $ 9 млн у год.

Ельня – адно з самых буйных верхавых балотаў у кантынентальнай Еўропе. Апошнім часам яго гідралагічны рэжым аднаўляўся ў межах праекту Праграмы развіцця ААН ды Глабальнага эканамічнага фонду, які рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы «The Coca-Cola Foundation».

НМ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў