Беларускія мытнікі канфіскавалі ў пасажыркі цягніка незадэклараваныя $ 8 тыс.


Супрацоўнікі Берасцейскай мытні канфіскавалі незадэклараваныя грошы ў грамадзянкі Украіны.

Пра гэта паведаміў Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі.

Украінка ехала на цягніку Масква – Берлін. У пункце мытнага афармлення яна заявіла мытніку, што вязе з сабой $ 8 тыс., і паказала іх да агляду. Аднак мытнікі ў асабістых рэчах жанчыны знайшлі яшчэ $ 10 тыс.

«У адпаведнасці з заканадаўствам Еўразійскага эканамічнага саюзу абавязковаму мытнаму дэклараванню падлягаюць наяўныя грошы, што перамяшчаюцца праз мяжу, у эквіваленце больш за $ 10 тыс. Таму $ 8 тыс., якія перавышалі ўсталяваную норму, канфіскавалі да рашэння суда», – адзначылі ў Берасцейскай мытні.

Супраць украінкі распачалі адміністрацыйны працэс паводле ч. 2 арт. 14.5 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (Недэклараванне або недакладнае дэклараванне тавараў). Санкцыя артыкулу прадугледжвае да 30 базавых велічыняў штрафу, а таксама канфіскацыю незадэклараваных грошай.

НМ, belsat.eu, паводле БелТА, фота з сайту Нацыянальнага аэрапорту «Менск»

Стужка навінаў