Беларускія музыкі: Паэзію не расстраляеш (ВІДЭА)


Музыкі аб’ядналіся ў праект, прысвечаны рэпрэсаваным беларускім паэтам

У канцы кастрычніка адбудзецца канцэртная прэм’ера новага музычнага праекту «(Не) расстраляная паэзія», створанага на вершы рэпрэсаваных беларускіх паэтаў.

Кожны з удзельнікаў праекту парталу TuzіnFM.by «(Не) расстраляная паэзія» запісаў відэазварот, у якім распавёў чаму бярэ ўдзел у ім і на верш якога паэта створыць музыку.

Лявон Вольскі, які ўзяў верш Юлія Таўбіна «Ты помніш», кажа, што гісторыя расстраляных паэтаў замоўчваецца і ён супраць гэтага.

Рэпер Vinsent у сваім відэазвароце зазначыў, што вельмі сімвалічна будзе тое, што праз 80 год фактычнага забыцця, вершы расстраляных у 1937 годзе паэтаў стануць песнямі.

«Спадчына не павінна пыліцца ў архівах», – упэўнены гурт «Re1ikt», які рыхтуе песню паводле апавядання Міхася Зарэцкага «Паэма пра чорныя вочы».

«Можна перарваць жыццё, але нельга перарваць сувязь пакаленняў. Для нас гэтыя паэты жывыя, і яны будуць жывыя да таго часу, пакуль мы іх памятаем», – заяўляе гурт «Dzieciuki». Музыкі запісваюць песню на верш Міхася Чарота «Бунтар».

Канцэртная прэзентацыя праекту «(Не) расстраляная паэзія» пройдзе ў менскім клубе «Брюгге» 29 кастрычніка, роўна праз 80 год пасля жахлівай ночы, калі за некалькі гадзінаў былі расстраляныя 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Запрашэнне на прэзентацыю атрымаюць тыя, хто падтрымае праект на Talaka.by.

Падтрымаць праект – тут.

Акрамя таго, увосень у межах праекту «(Не) расстраляная паэзія» пройдуць адкрытыя лекцыі з удзелам літаратуразнаўцаў ды музыкаў ды будзе выдадзеная серыя з «маўклівых кнігаў» – дызайнерскіх нататнікаў з партрэтамі і цытатамі паэтаў.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў