Беларускія мастакі правялі пленэр на ўкраінска-расейскім фронце

photo

11 лютага Алесь Пушкін, Андрусь Такінданг, Генадзь Драздоў, Алесь Суша, Алесь Цыркуноў разам з украінскім мастаком Тарасам Носарам прадставілі вынікі сваёй творчай паездкі ў пасольстве Украіны ў Менску.

У мінулым лістападзе 6 творцаў з’ездзілі ў Данецкую і Днепрапятроўскую вобласці.

Пленэр прысвечаны памяці загінулых байцоў Тактычнай групы «Беларусь» Алеся Чаркашына, Віталя Ціліжэнка ды ўсім абаронцам суверэнітэту Украіны.

Аформіць дакументы, неабходныя для пропуску ў т зв. зону АТО, беларусам дапамаглі грамадскае абʼяднанне «Браты» і Украінскі Саюз Мастакоў у асобе Уладзіміра Зінчанка. Украінскія калегі таксама парупіліся пра афіцыйныя лісты для памежнікаў абодвух краін, каб творцы маглі даставіць працы дадому.

«У Кіеве нас сустрэлі арганізатары, пасадзілі ў мікрааўтобус, прывезлі ў сяло Навабродзіўка Данецкай вобласці і пасялілі ў 1-ую штурмавую роту, – расказаў Алесь Пушкін. – Я хачу сказаць ім вялікі дзякуй за іх турботы і ахову!».

Увесь час мастакі жылі разам з салдатамі і добраахвотнікамі. Спалі ў казармах, елі ў сталоўках, апраналіся ў ваеннае адзенне і бронекамізэлькі. Байцы паказвалі гасцям, па якіх дарожках можна перасоўвацца, каб не трапіць на міну. На палігоне ім далі пастраляць з аўтамата і карабіна. Алесь Пушкін намаляваў 20 ваяроў і падарыў ім.

«Яны сталі ў чаргу па партрэт! Мой першы малюнак – партрэт камандзіра ўзвода Славіка, – мастак не хавае эмоцый. – Я пытаў маладых людзей: «А Вам мама і тата дазволілі тут быць?» – «Мне ўжо 24 гады».

Акрамя жывапісу мастак прывёз з вайны інсталяцыю. Чаравічкі, вышыванка, кніжкі, разламаная бандура, гільзы – гэтыя прадметы Алесь Пушкін падабраў у школе і Доме культуры сяла Пяскі.
«Я вярнуўся адтуль ваяўнічым пацыфістам, – расказвае пра свае ўражанні Андрусь Такінданг. – Калі ў людзей ёсць загінулыя сябры ці родныя, ім цяжка спыніцца і прабачыць. Праца мастака – лекаваць гэтую сітуацыю. Вайна ж скончыцца…».

За некалькі дзён пленэра мастакі пабывалі ў Валнавасе, Навагродзіўцы. Сябра Украінскага саюзу мастакоў Тарас Носар нарадзіўся ў Данецку, выкладаў там у мастацкіх вучэльнях больш за 20 год. На пачатку ўзброенага канфлікту на ўсходзе Украіны вымушаны быў выехаць, пакінуўшы сваю майстэрню і большасць карцінаў.

«Доля свету сёння вырашаецца ва Украіне, – гаворыць мастак. – Беларускія творцы на ўласныя вочы пабачылі і пачулі і пераміре, і як называецца тая «АТО». Мне вельмі хацелася б, каб сяла Пескі, пусткі з сабакамі і мышамі, у вашай краіне не было. Вашыя мужчыны едуць ваяваць за Украіну, але насамрэч яны там за сваю Бацькаўшчыну».

У беларускай сталіцы не знайшлося ніводнай мастацкай залі, гатовай прыняць мастацтва з прыфрантавой тэрыторыі. У канцы лістапада Алесь Пушкін павесіў карціны на выставе суполкі «Пагоня» у Палацы мастацтваў. За пару гадзін да вернісажу сюжэты з Украіны знялі. Таксама мастак атрымаў адмову ў Цэнтры сучаснага мастацтва.

ХМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары