Беларускія маладыя настаўнікі зарабляюць больш за літоўскіх калегаў


Самыя маленькія заробкі маладых настаўнікаў у Еўразвязе – у Літве і Румыніі. Самыя вялікія – у Люксембургу.

Апублікаваная Еўракамісіяй справаздача за кастрычнік паказвае, што маладыя настаўнікі ў Літве атрымоўваюць 3774 еўра ў год «на паперы». Гэта каля 315 еўра ў месяц. Тым часам, як паведамляе «Еўрарадыё», маладыя настаўнікі ў Менску пасля нядаўняга павышэння заробкаў атрымалі 4,3 мільёны рублёў альбо 321 еўра – на 6 еўра больш, чым калегі ў Літве.

Максімальны ж заробак настаўнікаў у Літве ў год складае 6954 еўра (580 еўра ў месяц). А менскі настаўнік вышэйшай катэгорыі зарабляе 6,8 мільёна рублёў (каля 507 еўра).

Як піша Delfi.lt, літоўскія маладыя настаўнікі не маюць фінансавай матывацыі да працы. Іх заробкі на чвэрць меншыя ў параўнанні з латвійскімі калегамі і ў тры разы – чым у настаўнікаў у Турцыі.

Самымі вялікімі грашыма за сваю працу могуць пахваліцца пачынаючыя настаўнікі з Люксембургу – 70450 еўра ў год (5870 еўра ў месяц).

Даследаванне заробкаў настаўнікаў краінаў ЕЗ, а таксама Ліхтэнштэйну, Нарвегіі, Македоніі, Турцыі і Чарнагорыі было праведзена па замове Еўракамісіі сеццю Eurydice.

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў