Беларускія кінематаграфісты: вы забіваеце кіно


У інтэрнэце з’явіліся петыцыя да кіраўніка Беларусі з просьбай не падпісваць указ «Аб мерах па дзяржаўнай падтрымцы і стымуляванню развіцця кінематографу», які цяпер разглядаецца ў Міністэрстве культуры Беларусі. 

«Мэтай Указа з’яўляецца падтрымка беларускай кінавытворчасці і адміністраванне пытанняў, звязаных з дзяржаўным фінансаваннем кіно. Тым не менш, у праекце Указа ёсць спрэчныя пункты, якія супярэчаць дэклараванай мэце, а таксама іншым указам і дэкрэтам», – гаворыцца ў звароце. Аўтары пералічваюць негатыўныя наступствы, якія чакаюць беларускі кінематограф у выпадку прыняцця нарматыўнага акту ў цяперашняй рэдакцыі.

Чытайце таксама >>> Андрэй Курэйчык: «Чыноўнік не павінен сунуць свой нос у творчасць»

«У такой рэдакцыі Указ будзе мець самыя негатыўныя наступствы для развіцця кінавытворчасці ў Беларусі, значна пагаршаючы ўмовы для стварэння кіно як камерцыйнага, так і аўтарскага. Распрацоўнікі праекту не выслухалі меркаванняў незалежных прадстаўнікоў кінасупольнасці Беларусі, малых кінастудыяў, кінашкол, кінафестываляў і маладых рэжысёраў. Праект зробіць Беларусь менш прывабнай для патэнцыйных інвестараў і замежных кінавытворцаў. Праект перашкаджае развіццю маладога малабюджэтнага і студэнцкага кіно.

Немагчымасць выканаць умовы, выкладзеныя ў гэтым Указе, неабходнасць плаціць мыта, доўгачасовыя разборы – усё гэта стане сур’ёзнай перашкодай для маладых рэжысёраў ствараць кінафільмы і ўносіць свой унёсак у развіццё нацыянальнага кінематографу. Праходжанне дадатковых адміністрацыйных працэдураў немагчыма для цэлых жанраў дакументальнага кіно і супярэчыць прынцыпам эксперыментальнага кіно як кірунку кінематографу. Указ накіраваны на стварэнне дадатковых бюракратычных працэдураў у працэсе кінавытворчасці», – лічаць аўтары звароту.

Чытайце таксама >>> Фільмы – толькі са згодай уладаў. Не толькі паказваць, але і здымаць

На іх думку праект Указу стане прычынай сыходу замежных кінематаграфістаў з беларускага кінарынку. «Дзяржава не гарантуе таямніцы сцэнарыя і не нясе за яго матэрыяльнай і юрыдычнай адказнасці. Таму буйныя расейскія і замежныя кінематаграфісты, баючыся ўцечкі інфармацыі, цалкам адмовяцца ад здымак у Беларусі».

Аўтары звароту просяць адкласці падпісанне Указу і заклікаюць падзяліцца гэтай інфармацыяй у сацыяльных сетках.

Падпісацца пад петыцыяй можна тут >>>

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў