Беларускія кантрабандысты намагаліся перавезці цыгарэты ў Польшчу ў бярвенні


Кантрабанду перахапілі польская паліцыя разам з Мытнай службай Варшавы і Беластоку.

Тавар (30 тысячаў пачкаў, што дае амаль 600 тысяч цыгарэт) схавалі ў сасновым бярвенні, якое перавозілі ў грузавым цягніку. Кошт кантрабанды – 400 тысяч злотых (амаль $ 100 тысяч).

Крымінальная група для маскавання кантрабанды выкарыстала нестандартны і каштоўны спосаб перавозкі, адзначылі ў Цэнтральным следчым бюро польскай паліцыі.

Цыгарэты схавалі ў спецыяльна падрыхтаваныя бэлькі даўжынёй 6 метраў, у якіх прасвідравалі адтуліны дыяметрам 10 см. У адтуліны паклалі і пасклейвалі тытунёвыя вырабы, пасля чаго бярвенню надалі першапачатковы выгляд.

Ад рэалізацыі нелегальнага тавару польскі скарб мог страціць 700 тысяч злотых. Па факце кантрабанды пакуль нікога не затрымалі. Распачатая крымінальная справа.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары