Беларускія кампаніі хочуць размясціць заводы ў акупаваным Крыме


Беларускія кампаніі «Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання» і «Гомсельмаш» разглядаюць магчымасць размяшчэння сваіх зборачных прадпрыемстваў у Севастопалі.

Пра гэта ішла размова на сустрэчы ўладаў Севастопалю з прадстаўнікамі беларускіх прадпрыемстваў, паведамляе партал «Новости Крыма».

«Умацаванне эканамічнага базісу рэгіёну – наша асноўная задача. Мы рады вітаць такія ініцыятывы нашых беларускіх партнёраў», – заявіў намеснік губернатара Севастопалю Дзяніс Дабракоў.

Заснавальнік таварыства «Русинвестпроект» Ігар Навуменка прапанаваў больш дэталёва распрацаваць прапановы і знайсці агульныя падыходы для развіцця ўзаемавыгаднай супрацы, паведамляе прэс-служба адміністрацыі Севастопалю.

«Магілёўліфтмаш» – адзін з вядучых вытворцаў ліфтаў ва Усходняй Еўропе, адзначаюць «Новости Крыма». Кампанія вырабляе пад’ёмныя платформы для інвалідаў, абсталяванне для будаўніцтва, дрэваапрацоўчыя машыны, сельскагаспадарчую тэхніку.

Холдынг «Гомсельмаш» – займаецца вытворчасцю камбайнаў і іншых складаных машын.

На думку заходняй супольнасці («Вялікая сямёрка», дзяржавы-чальцы НАТО, Еўразвязу, Савету Еўропы), далучэнне Крыму да Расеі ў сакавіку 2014 года мела характар ​​анексіі, якая наступіла пасля ўзброенага ўмяшання Расеі ва ўнутраныя справы Украіны. Сама Украіна не прызнае далучэнне Крыму да Расеі. Паводле закону, прынятага Вярхоўнай Радай у красавіку 2014 года, Крым – гэта тэрыторыя, акупаваная Расейскай Федэрацыяй.

Глядзіце таксама: Беларуская прамысловасць усцяж працягвае працаваць на склад. Толькі за студзень-люты ў нашай краіне запасы гатовай прадукцыі павялічыліся больш як на 18 %. Адзін з беларускіх прамысловых гігантаў – МАЗ – вымушаны спыніць канвеер і адправіць працаўнікоў у вымушаны адпачынак.

МЯ, belsat.eu, паводле news.allcrimea.net

Стужка навінаў