Беларускія і расейскія вайскоўцы пачалі адпрацоўваць пытанні тэхнічнага забеспячэння


з 21 па 25 жніўня ў межах планавай падрыхтоўкі да сумеснага стратэгічнага вучэння ўзброеных сіл Беларусі і РФ «Захад-2017» пройдзе сумеснае спецыяльнае вучэнне з органамі ваеннага кіравання, злучэннямі, вайсковымі часткамі і арганізацыямі тылавога, тэхнічнага (матэрыяльна-тэхнічнага) забеспячэння ўзброеных сіл дзвюх краінаў.

«Практычна будуць адпрацаваныя пытанні тэхнічнага прыкрыцця абʼектаў на даручаных участках ваенна-аўтамабільных дарог, эвакуацыі, рамонту і аднаўлення няспраўных узораў тэхнікі і ўзбраення, разгортвання палявога магістральнага трубаправода, а таксама ўчасткаў масавай запраўкі тэхнікі», – гаворыцца ў паведамленні.

На час вучэнняў у Беларусь запрошаныя 80 міжнародных назіральнікаў. Іх маюць запрасіць абодва бакі – Беларусь і Расея. Афіцыйны Менск ужо пацвердзіў, што, сярод іншых, чакае назіральніка ад Латвіі. Тым часам Расея дагэтуль не запрасіла прадстаўніка гэтай краіны. Пра гэта распавёў ТАСС латвійскі прэмʼер Марыс Кучынскіс.

Да сумесных расейска-беларускіх вучэнняў «Захад-2017» плануецца прыцягнуць да 12700 вайскоўцаў. На беларускай тэрыторыі – каля 10200 вайскоўцаў, у тым ліку каля 7200 – ад Узброеных сіл Беларусі і каля 3000 – ад Узброеных сіл РФ. У манеўрах задзейнічаюць да 680 адзінак баявой тэхнікі. Сумесныя стратэгічныя манеўры запланаваныя на перыяд з 14 па 20 верасня.



ДР belsat.eu

Стужка навінаў