Беларускія грошы – на ежу ды камунальныя паслугі. Усё астатняе – у валюту ці ў банк


Каму цяпер прыйдзецца найбольш цяжка, і што рабіць з грашыма – разважаюць эканамісты.

Пасля дзвюх дэвальвацыяў варта было навучыцца, як захоўваць свае грошы

Трэці дзень беларусы спрабуюць асвоіцца з тым, што славутая стабільнасць зноў пахіснулася, і ў адзін момант мы ўсе збяднелі прынамсі на 30%. Зноў мы бачым знаёмыя карцінкі «штурму» абменнікаў і крамаў тэхнікі.

Эканамічны аглядальнік «Белсату» Аляксей Мінчонак зазначае, што панікаваць ужо позна: дэвальвацыя фактычна адбылася, і думаць пра тое, як не згубіць грошай, варта было раней.

«З 2009 года гэта ўжо 3-я дэвальвацыя. Калі нешта адбываецца адзін раз, то гэта можа быць выпадковасць, але калі ўжо і трэці – гэта заканамернасць, – зазначае эксперт. – Мяне здзіўляе, што нехта яшчэ не зразумеў, як у нас працуе эканоміка і чаго вартае абсалютнае спадзяванне на беларускі рубель. І ў тых, хто цяпер плача над сваймі «зайчыкамі», я хачу спытацца: а чаму вашыя грошы як мінімум не ў банку?»

Спадар Мінчонак нагадвае старое правіла фінансавага дабрабыту: захоўвайце яйкі ў розных кошыках, ці, калі перавесці на нашую сітуацыю, грошы – у розных валютах. Беларускіх рублёў варта пакідаць столькі, каб было дастаткова на ежу і аплату камунальных паслугаў, астатняе – пераводзіць у больш устойлівую валюту ці класці на дэпазіт у банк, бо нават калі грошы ў беларускіх рублях, але ляжаць на дэпазіце на адсотках, то страты будуць меншыя.

Тыя, у каго цяпер на руках і так невялікія сумы, шмат не страцяць. А вось хто аказаўся ва ўмовах дэвальвацыі з вялікай сумай у беларускіх рублях, мусіць цяпер добра падумаць, што зрабіць, каб не згубіць усё.

«Цяжка сказаць, што ўжо цяпер можна зрабіць. Толькі тэхніку набываць, ці тое, што можна набыць сёння. Бо ў крамах ужо нічога няма», – кажа эканамічны аглядальнік.

Наконт таго, ці можам мы спадзявацца, што пасля 1 лютага 2015 года вернецца стары курс і будзе адменены падатак 30 %, Аляксей Мінчонак зазначае, што няма нічога больш сталага, чымся часовае.

«Цяжка зараз нешта прадказваць. Думаю, нават самі аўтары гэтага рашэння не ведаюць, што будзе пасля 1 лютага», – кажа эксперт.

Усе беды з-за таго, што краінай кіруюць камуністы

На думку эканаміста Міхала Залескага, найбольш цяперашняя сітуацыя з курсамі валют ударыла па так званаму сярэдняму класу беларусаў – па тых, хто зарабляе $ 500 і трохі больш. Хоць у доўгатэрміновай перспектыве страты панясе ўсё насельніцтва.

«Ёсць беларусы, якія атрымліваюць 3 тыс. еўраў на чалавека ў сям’і. І ім цяпер абсалютна ўсё роўна, і ніякай сітуацыі няма. А тыя, хто атрымліваюць 3 млн. беларускіх рублёў, іх і працягваюць атрымліваць, а на валюце ім і так асабліва не залежала», – кажа эканаміст.

 На думку Міхала Залескага, корань сітуацыі, у якой беларусы апынуліся ўжо тройчы за пяць гадоў, трэба шукаць не ў абвале расейскага рубля, а ўнутры сваёй краіны.

«Гэта праблема адсутнасці капіталізму. У нас камуністы кіруюць. І насельніцтва цяпер пацярпіць не з-за таго, што ў Расеі абваліўся рублёў, а таму, што 20 гадоў камуністы працягваюць кіраваць Беларуссю. І цяперашняя мера, накіраваная на спыненне куплі валюты насельніцтвам – цалкам камуністычная. Бо намі кіруюць камуністы, якія вучыліся ў вышэйшай партыйнай школе і свята вераць у дзейснасць адміністрацыйных захадаў. Але гэтыя захады не дзейнічаюць – вось і вынік», – кажа эксперт.

ДБ, belsat.eu

Стужка навінаў