Як «дзікунка» сталася Валькірыяй і хадзіла з жаніхом на мядзведзяў


Вы можаце сабе ўявіць, што ў нашчадкаў Габсбургаў, аднаго з самых знакамітых родаў у гісторыі, цячэ беларуская кроў? А прымяшала яе туды Цэцылія Мазавецкая, якая была родапачынальніцай каралеўскага роду па мужчынскай лініі. У народзе яе празвалі Цымбаркай, хоць у розных мовах яе імя гучыць па-рознаму: па-польску Цымбарка, па-расейску – Кімбурга, а па-нямецку Цымбургіс. Ці ж мог хто прадбачыць, што «ваяўнічая дзікунка», якую ў Мазовіі ніхто не хацеў браць замуж, стане ў выніку эрцгерцагіняй?

На пачатку варта патлумачыць, чаму мазавецкая князёўна – «нашая». Нашая яна, канешне, толькі на палову, дзякуючы сваёй маці Аляксандры, якая была роднай сястрой літоўскага князя Ягайлы, які пазней стаў польскім каралём.


Мы працягваем цыкл публікацыяў пра беларускіх феміністак. Зазначым, што выкарыстаны панятак «феміністкі» – умоўны і ў тэксце азначае эмансіпаваных для свайго часу жанчын, якія мелі мужнасць пайсці насуперак грамадскім стэрэатыпам і пакінуць свой след у гісторыі.


«Сястра-кампенсацыя» ад караля

У Ягайлы была няпростая задача: атрымаць карону і “разруліць” канфлікт з князем Плоцкім

Калі цягам некаторага часу пуставаў трон у польскай Кароне, на маладую каралеву Ядвігу паквапіўся не толькі літоўскі княжыч Ягайла. Мазавецкі князь Земовіт Плоцкі таксама марыў апынуцца на месцы караля.

Аднак, на дзіва, польская шляхта бунтоўнай Мазовіі аддала перавагу Ягайла, фармуючы моцную канфедэрацыю і забяспечваючы свае ўсходнія межы. Хітры Ягайла не мог сабе тады дазволіць канфлікт і запрасіў Земовіта «на сяброўскую чарку». І вось раптам «воляй лёсу» або «проста цудам» на тое баляванне трапіла гожая і ўсмешлівая родная сястра Ягайлы Аляксандра, якая адразу прыпала да густу абдзеленаму мазавецкаму князю.

У 1388-м годзе яны ўзялі шлюб, які змацаваў сяброўства караля з князем. Палітычны шлюб аказаўся на рэдкасць шчаслівым і маладая жыццярадасная князёўна адзін за другім нараджала Земовіту наследнікаў.

Пры гэтым Аляксандру Альгердаўну або Аляксандру Літоўскую нельга было назваць «хатняй курыцай». Як згадваецца ў хроніках, яна да старасці ў адзіночку выпраўлялася паляваць на буйнога звера і зрэдку вярталася без здабычы. У Плоцку яна пабудавала шпіталь для хворых, выдзяляла вялікія ахвяраванні на патрэбы першага на той час ва Усходняй Еўропе Ягелонскага ўніверсітэту. І хутчэй за ўсё, менавіта яна пакінула ў спадчыну моцны, няўрымслівы і ваяўнічы характар сваёй дачцэ Цэцыліі, якая з’явілася на свет у 1394-м (1397) годзе.

Мазавецкая Валькірыя – багіня вайны

Цымбарка Мазавецкая – дачка Аляксандры Альгердаўны

Пакуль у княскім двары сярод зялёных пушчаў, поўных дзікай жывёлы, падрастала Цэцылія, якая сама сябе называла Цымбаркай, на еўрапейскіх рыцарскіх турнірах здабываў славу малады, статны і прыгожы рыцар Эрнэст Габсбург, якога за непераможнасць празвалі «Жалезным».

Шматлікія прыдворныя дамы, кожная з якіх не супраць была займець мускулістага рыцара-бойфрэнда, данімалі малайца з пытаннямі, калі ўжо той у рэшце абярэ сабе спадарожніцу жыцця.

Аднак малады рыцар з выбарам не спяшаўся і жартаваў, што ажэніцца толькі з Валькірыяй – багіняй вайны, каб умела ў сядле трымацца і меч у руках трымаць.

Насуперак агульнапрынятым тагачасным упадабанням не вабілі маладога рыцара далікатныя і ціхманыя нявесты. Пачуўшы гэта, прысутны на адным з турніраў мазавецкі рыцар параіў самотнаму сярэднявечнаму Геркулесу наведацца ў Мазовію, дзе жыве дачка Земовіта, да якой мясцовыя кавалеры баяцца сватацца.

Прыгожая дзяўчына, паводле расповедаў, голымі рукамі ламае цвікі і падковы, далонямі выціскае з арэхаў сок, з адной дубінай у лес ходзіць і без здабычы не вяртаецца, носіць мужчынскую вопратку і кожны дзень трэнуе свае баявыя ўмельствы.

Акрамя таго дзяўчына была на дадатак пляменніцай польскага караля, што рабіла яе яшчэ больш прывабнай партыяй.

А вось і жаніх нашай Цымбаркі. хацеў у жонкі Валькірыю? Атрымаў!

Эрнэст вырашыў паспытаць шчасця. Праз некалькі месяцаў маладыя сустрэліся ў Плоцку. Паводле легендаў, яны разам уцяклі паляваць на мядзведзя, каб праверыць умельствы адзін аднаго. Прыцягнулі тушы ажно дваіх, а ў 1412-м годзе ўзялі шлюб у горадзе Буда (заходняя частка сучаснага Будапешта) у палацы Сігізмунда, венгерскага імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі. Шлюб князёўны-волаткі склаўся шчасліва, пасяліліся маладыя ў Вінер-Нойштадце і Цымбарка нарадзіла Эрнэсту дзевяцёра дзяцей.

Унучка Альгерда – прамаці Гасбургаў

Пасля таго, як яе муж прыняў тытул эрцгерцага 18 сакавіка 1414 года, Цымбарка стала эрцгерцагіняй Габсбургскай. Пры двары яе палюбілі за весялосць і жыццярадаснасць, якую дзяўчына атрымала ў спадчыну ад маці. З дзевяцярых дзяцей пяцёра на вялікі жаль памерлі яшчэ ў маленстве. Аднак адзін з сыноў Цымбаркі стаў пазнейшым аўстрыйскім імператарам Фрыдрыхам ІІІ.

Вось так дзікая Цымбарка стала эрцгерцагіняй і родапачынальніцай усіх пазнейшых дынастыйных разгалінаванняў Габсбургаў па мужчынскай лініі. Паводле некаторых меркаванняў менавіта яна прынесла ў спадчыну наступным пакаленням Габсбургаў характэрную дэфармацыю ніжняй губы, тзв. «габсбургская губа». Сама эрцгерцагіня перажыла мужа на 5 гадоў і памерла ў 1429-м годзе. Пахаваная ў аббацтве Лільенфельд.

Яе жыццёвая гісторыя – выдатны прыклад сапраўднай сярэднявечнай волаткі-феміністкі, якая не толькі замест сукенак апранала мужчынскія гачы, але і выдзялялася моцай, якой мог пахваліцца не кожны рыцар. І нават гэта не перашкодзіла ёй знайсці сваё шчасце. Таксама заўважым, якія ўсё ж такі гарачыя былі літоўскія князёўны. Замест багатых пакояў, яны не баяліся адправіцца на паляванне, цвёрда трымалі меч у руках, і часам нават самі кіравалі войскам і абараняліся ад ворагаў. Але гэта ўжо іншая гісторыя. Пра беларускую Жанну дАрк чытайце ў наступным артыкуле.

Чытайце папярэднія публікацыі:

Беларускія феміністкі. Нашая Лэдзі Макбэт з XIII стагоддзя – Марта

Беларускія феміністкі. Еўфрасіння Полацкая

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў