Еўфрасіння Полацкая. Келля незалежнасці


У дзень, калі беларускія мужчыны віншуюць «слабы пол», belsat.eu распачынае цыкл публікацый пра самых эмансіпаваных, моцных і яскравых жанчын, якія, не зважаючы ні на што, змянялі хаду беларускай гісторыі.

Мы празвалі іх «Беларускія феміністкі розных эпох». Зазначым, што выкарыстаны панятак «феміністкі» – умоўны і ў тэксце азначае проста жанчын, якія ў свой час мелі мужнасць пайсці насуперак грамадскім стэрэатыпам і пакінуць свой след у гісторыі.

Авантурнае Жыціе полацкай манахіні

Еўфрасіння Полацкая. Малюнак Паўла Татарнікава, выданне «Айчына. Ад Рагнеды да Касцюшкi».

Як можна было залічыць у феміністкі самую вядомую беларускую святую? – спытаеце Вы. Ну што ж, спадзяюся, што за мой адказ адлучэннем ад царквы мяне не пакараюць.

Цнатлівасць, пакаянне і богабаязнасць гэтай моцнай жанчыны ніхто аспрэчваць не збіраецца. Аднак, давайце на хвілінку перанясёмся ў ХІІ стагоддзе. У часы раздробленых маленькіх княстваў у сем’ях багатых князёў дачкі, на дзіва, цаніліся не менш за сыноў. Іх можна было аддаць замуж за самага «выгаднага» кандыдата, ствараючы пры гэтым моцныя кроўныя сувязі, якія гарантавалі мір або маёмасныя карысці.

Калі маладзенькай і прагнай да навукі Прадславе (імя Еўфрасінні пры хрэсьбінах) споўнілася 12 гадоў, наўрад ці хто падумаў, што варта спытацца самую дзяўчыну, ці хоча яна замуж.

Кавалераў было хоць адбаўляй, бо як пішацца ў Жыціі святой, нявеста вызначалася асаблівай прыгажосцю і хараством.

Але на свой далейшы лёс маладая бунтарка Прадслава мела іншыя планы.

Келля незалежнасці

Еўфрасіння Полацкая. Фрэска Спаса-Праабражэнскай царквы XII стагоддзі ў Полацку

«Што будзе, калі бацька надумае аддаць мяне замуж? Калі здарыцца гэтак, смутку гэтага свету нельга будзе пазбыцца! Што ж учынілі нашыя роды, якія былі да нас? Жаніліся і выходзілі замуж і княжылі, але не вечна жылі; жыццё іх праплыло, і загінула, іхная слава, быццам прах, горай за павуцінне. Затое жанчыны, што жылі раней і, узяўшы мужчынскую моц, пайшлі следам за сваім Жаніхом, і целы свае аддалі на пакуты, і паклалі галовы пад меч, а іншыя хоць і не схілілі шыі свае пад жалеза, але мечам духоўным адсеклі плоцкія асалоды, аддаўшы целы пасту, чуйнаванню і малітоўнаму кленчанню, і ляжанню зямельнаму – тых памятаюць на зямлі, іх імёны напісаныя на нябёсах, дзе яны з анёламі Бога ўсхваляюць. А слава гэтая – пыл і попел, быццам дым разыходзіцца і нібы пара водная гіне!» – так разважала дзяўчына. І… насуперак волі бацькі ўцякла ў манастыр!

Для многіх жанчын той эпохі хрысціянства было надзвычай уплывовай, усёпаглынальнай рэлігіяй, якая патрабавала велізарнай самаадданасці, але і вельмі шмат давала наўзамен. Яны аддаваліся веры з вялікім запалам і глыбокім пачуццём.

Выбіраючы цнатлівасць, жанчыны аўтаматычна змянялі свой сацыяльны статус і гэты новы статус вызваляў іх са шлюбных аковаў, цяжару хатняй гаспадаркі, цяжарнасці і іншых жаночых абавязкаў.

Выбар на карысць цнатлівасці падымаў іх на недасяжную звычайным грэшніцам вышыню.

Жанчына-манахіня ставалася служкай Гасподняй, а гэта дазваляла весці нетыповае для жанчын таго часу незалежнае жыццё.

Маленькая манахіня – вялікая справа

Гэткі выбар зрабіла Прадслава, стаўшы «жокаю Госпада» Еўфрасінняй. Аднак нельга не ўлічыць яшчэ адзін фактар. Нашая гераіня была надзвычай кемлівая і разумная. Адзінымі месцамі, дзе можна было займацца навукай, былі на той час манастыры. Мы ўсе чыталі на ўроках гісторыі, што Ефрасіння перапісвала кнігі і, магчыма, іх перакладала. Сёння досыць цяжка сабе ўявіць наколькі складанай была гэтая праца, у першую чаргу – мужчынская праца. Трымаючы пергамент на далоні левай рукі, локцем апёршыся ў калена, правай рукой трэба было асцярожна і з мастацкім умельствам выводзіць кожную літару.

Гэта была марудная цяжкая фізічная праца, якой Еўфрасіння аддала перавагу замест прадказальнага лёсу жонкі-князёўны.

Мала таго, не зважаючы на пратэсты бацькі, наваспечаная манахіня перацягнула ў манастыр малодшую сястру, потым і стрыечную сястру, а яшчэ пазней дзвюх пляменніц. Можна было б пажартаваць, што ствараўся своеасаблівы сярэднявечны «Цэнтр жаночай салідарнасці», аднак не будзем.

Еўфрасіння валодала прыродным дарам уплыву на людзей. Ёсць меркаванні, што яна ўплывала і на палітыку таго часу, і не беспадстаўныя, улічваючы, што дзяўчыне ўдавалася будаваць манастыры, майстэрні, дзе і быў зроблены яе знакаміты каштоўны крыж, загублены ў часы Другой сусветнай.

Акрамя таго напрыканцы свайго жыцця беларуская святая здзейсніла пілігрымку ў Ерусалім. Калі ўлічыць адсутнасць транспарту на той час – гэта сапраўды быў подзвіг. Аднак менавіта гэтая пілігрымка падарвала здароўе Еўфрасінні і на Святой зямлі ёй было наканавана скончыць свой жыццёвы шлях. Галоўнае, што мара маленькай бунтаркі здзейснілася і слава пра яе да сённяшняга часу – «пыл і попел, быццам дым разыходзіцца і нібы пара водная гіне!»

Паўліна Валіш, belsat.eu

Чытайце таксама:

Беларускія феміністкі. Нашая Лэдзі Макбэт з XIII стагоддзя – Марта

Беларускія феміністкі. Як «дзікунка» сталася Валькірыяй і хадзіла з жаніхом на мядзведзяў

Стужка навінаў