Дзеці – «біяматэрыял»: Мінздароўя дазволіла выкарыстоўваць прышчэпку, якая магла забіць 2-месяцнае дзіця


Выданне «Ежедневник» (ej.by) апублікавала вытрымкі з афіцыйнага адказу Міністэрства аховы здароўя на запыт аб выкарыстанні ў Беларусі карэйскай прышчэпкі «Eupenta» і французскай «Imovax Polio». Сёлета ў вёсцы Вялікія Круговічы (Ганцавіцкі раён) пасля ўвядзення гэтых прышчэпак памёр двухмесячны Кірыл Рабцэвіч.

Адмысловая камісія Мінздароўя цяпер высвятляе акалічнасці смерці хлопчыка. Ужыванне вышэйзгаданых прышчэпак часова прыпыненае.

Журналісты ej.by даведаліся, што «Eupenta» не прайшла рэгістрацыю ў Паўднёвай Карэі. На сайце epharmakorea.or.kr, які дзейнічае ад імя карэйскага Ministry of Food and Drug Safety, гэтая прышчэпка знаходзіцца ў раздзеле навуковых распрацовак.

Паводле ej.by, выпрабаванні «Eupenta» праваліліся ў ЗША, Кітаі і Філіпінах. Аўтары расследавання адзначаюць, што «Eupenta» з’явілася ў Беларусі ў 2017 годзе і «не прайшла ў нашай краіне ніякіх выпрабаванняў і праверак». Больш таго, выкарыстанне незарэгістраванай вакцыны ў Беларусі забараняе закон «Аб лекавых сродках». Выключэннем можа быць увоз незарэгістраваных лекаў з мэтаю выпрабаванняў падчас масавых эпідэміяў.

Мінздароўя ў сваім адказе выданню сцвярджае, што прышчэпка трапіла ў Беларусь легальна.

Журналісты выдання недвухсэнсоўна намякаюць на наяўнасць карупцыйнай схемы ў Мінздароўя. Ej.by сцвярджае, што гэтая схема дазволіла праводзіць «выпрабаванні» на беларускіх дзецях, з якімі абышліся як з «біяматэрыялам».

«Паколькі за апошнія гады ніякіх усплёскаў эпідэміяў не было, то можна падумаць, што масавы завоз «Eupenta» адбыўся «для правядзення клінічных выпрабаванняў», іначай мытня б проста не прапусціла тавар. І вось тут самае страшнае, бо ўдзел у выпрабаваннях – гэта добраахвотная справа, за якую плоцяць вялізныя грошы і кампенсацыі, калі нешта пойдзе не так. На такія выпрабаванні фармацэўтычныя кампаніі выдаткоўваюць гады і дзясяткі мільёнаў долараў. А тут для карэйскай кампаніі бясплатна зладзілі палігон выпрабаванняў на беларускіх дзецях. Можа, не зусім бясплатна?», – піша ej.by.

ЮВ, belsat.eu, паводле ej.by

Стужка навінаў