Беларускія дабраахвотнікі пра гандаль Беларусі з «ЛДНР»: «Мы рыхтуем шэраг крокаў, каб паўплываць на сітуацыю»


Тактычная група «Беларусь» негатыўна ставіцца да любой супрацы з «ЛДНР» і спадзяецца, што афіцыйны Кіеў пераканае беларускія ўлады адмовіцца ад гандлю з сепаратыстамі на Данбасе. Калі зрабіць гэта не атрымаецца, то дабраахвотнікі будуць вітаць увядзенне санкцыяў супраць беларускіх прадпрыемстваў.

«У дачыненні да часова акупаваных раёнаў Данбаса і Крыма павінна быць выкарыстана тактыка поўнай гаспадарчай блакады. Ідзе вайна, ня можа быць гандлю. Мы разумеем, што вялікія прадпрыемствы маюць дазвол уладаў Беларусі на пастаўку сваіх тавараў у часова акупаваныя раёны Данбасу і Крыму, бо тут эканоміка павязаная з палітыкай. «Гімнасты» з адміністрацыі Лукашэнкі вельмі любяць геапалітычны шпагат – карыстацца складанай сітуацыя і мець гешэфт з двух варагуючых бакоў», – адзначаецца ў эксклюзіўным каментары ТК «Беларусь» «Белсату».

На пытанне, ці збіраюцца беларускія дабраахвотнікі праводзіць акцыі пратэсту (ля беларускай амбасады ў Кіеве або побач з прадстаўніцтвамі беларускіх кампаній ва Украіне), у ТК «Беларусь» адзначылі:

«Мы рыхтуем шэраг крокаў, каб паўплываць на сітуацыю. Фармат будзе шырокі, спадзяемся на зацікаўленасць уладаў Украіны, бо гэтыя пытанні павінны падымацца і вырашацца на міждзяржаўным узроўні».

У ТК «Беларусь» спадзяюцца, што афіцыйны Кіеў знойдзе словы, каб патлумачыць Менску, што гандаль з «ЛДНР» – гэта памылковы шлях.

«Калі для гэтага неабходны санкцыі, то мы вітаем прынцыповыя дзеянні. Зло трэба аблічаць і караць! Ня менш важны і санкцыі супраць персаналіяў, якія стаяць за гэтым гандлем», – упэўнены беларускія дабраахвотнікі.

Нагадаем, як стала вядома з расследавання «Белсату», прадукцыя дзясяткаў беларускіх прадпрыемстваў трапляе да сепаратыстаў праз расейска-украінскую мяжу, якая не кантралюецца афіцыйным Кіевам. Шэраг прадпрыемстваў нават не хаваюць, што гаворка ідзе пра наўпроставыя пастаўкі ў Данецк і Луганск. Беларускія заводы вырабляюць піва і гарэлку пад гандлёвымі маркамі кампаніяў з «ДНР», уладальнікаў якіх ва Украіне падазраюць у фінансаванні тэрарызму.

Амбасадар Украіны Ігар Кізім заявіў, што калі інфармацыя з расследавання «Белсату» пацвердзіцца, то беларускія прадпрыемствы трапяць у «чорны спіс» і не змогуць пастаўляць сваю прадукцыю ва Украіну. Амбасадар дадаў, што афіцыйны Кіеў пастараецца, каб гэтыя санкцыі былі падтрыманы і Еўразвязам.

Беларускія ўлады сітуацыю з гандлем з «ЛДНР» ніяк не каментуюць.

ТК «Беларусь», што абʼядноўвае беларускіх дабраахвотнікаў, была створана ў ліпені 2015 году ў межах Добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу «Правага сэктару». Пазней ТК «Беларусь» была ператворана ў самастойнае баявое падраздзяленне.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў