Беларускія чыноўнікі хочуць грошай ад «Skype»


Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі лічыць, што аператары сістэм імгненных паведамленняў («Skype» і іншыя), якія аказваюць паслугі беларускім інтэрнэт-карыстальнікам, мусяць адлічваць беларускаму боку частку прыбытку.

«На цэнаўтварэнне (паслуг тэлефоннай і інтэрнэт-сувязі) уплывае і тое, што па-за тымі сеткавымі рэсурсамі, якія стварылі сотавыя аператары і Белтэлекам, працуюць тэхналогіі «Скайпу» і іншых, аператары якіх не ўкладаюць ніводнага цэнта ў развіццё тэхналогій унутры рэспублікі», – заявіў міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Сяргей Папкоў у сераду на прэс-канферэнцыі ў Менску, падае interfax.by.

Ён адзначыў, што выкарыстанне інтэрнэт-тэлефаніі грамадзянамі, па розных ацэнках, прыводзіць да зніжэння на 10-15% прыбыткаў аператараў стацыянарнай і сотавай тэлефоннай сувязі.

«Паводле ацэнак расейскіх аналітыкаў, 1% карыстальнікаў бярэ 50% усіх шлюзаў. Гэта танкі (кампютарная гульня «World of Tanks» – Belsat.eu), кіно спампаваць, а потым яшчэ і скрасці кантэнт, таму мы будзем сурёзна з гэтым пытаннем працаваць». – сказаў міністр.

«Мы будзем працаваць з урадам, каб у нейкай частцы гэтыя паслугі манетызаваць, каб гэтыя аператары дзяліліся сваймі прыбыткамі. Таму ўсё мусіць быць сумленна», – сказаў кіраўнік міністэрства.

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў