Беларускім паралімпійцам забаранілі ладзіць «публічныя акцыі» і браць у рукі расейскі сцяг


Міжнародны паралімпійскі камітэт даслаў беларукай зборнай афіцыйны ліст, у якім паралімпійцам забараняецца браць удзел у якіх-кольвек акцыях. Пра гэта выданню «Прэсбол» паведаміў кіраўнік Паралімпійскага руху Беларусі Алег Шэпель.

Нагадаем, што ў 2016 годзе падчас адкрыцця Паралімпійскіх гульняў у Рыо-дэ-Жанейра Андрэй Фомачкін, які ўзначальваў аддзел зімніх відаў спорту ва ўпраўленні нацыянальных камандаў Міністэрства спорту і турызму (цяпер кіраўнік спарткомплексу «Раўбічы»), пранёс расейскі сцяг.

«Нам ужо прыйшло афіцыйнае папярэджанне: нават у гатэлі па-за Алімпійскай вёскай мы не маем права праводзіць любыя публічныя акцыі. Гэта адна з умоваў засялення ў гатэль. Упершыню ў гісторыі! Не ведаю, праўда, ці прыйшоў такі ліст толькі нам, ці ўсім дэлегацыям. Хачу падкрэсліць: тады мы адстаялі каманду [пасля інцыдэнту са сцягам. – Заўв. Belsat.eu], заявіўшы, што гэта было проста падтрыманне спартсменаў, якія бяздоказна былі адхіленыя ад спаборніцтваў [каманда Расеі была дыскваліфікаваная Міжнародным паралімпійскім камітэтам пасля публікацыі «даклада Макларэна». – Заўв. Belsat.eu]», – распавёў Шэпель.

Учынак Фомачкіна на адкрыцці Паралімпійскіх гульняў ухваліў Аляксандр Лукашэнка. У Расеі ў гонар беларускага спартовага функцыянера збіраліся назваць новы стадыён у Новасібірскай вобласці. А ўдзячны расейскі бізнесмен падарыў яму кватэру ў Маскве.

Зімовыя Паралімпійскія гульні 2018 (афіцыйна – XII Паралімпійскія зімовыя гульні) пройдуць у Пхёнчхане (Паўднёвая Карэя) з 9 па 18 сакавіка 2018 года.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў