Беларускім хакеем будзе кіраваць старшыня Менаблвыканкаму


Сямён Шапіра паабяцаў хакейнай грамадскасці, кіраўніцтву краіны вывесці гэты від спорту на больш высокі ўзровень.

Старшынём Федэрацыі хакею Беларусі абралі кіраўніка Менаблвыканкаму Сямёна Шапіру, падае «БЕЛТА». Ён змяніў на гэтай пасадзе Ігара Рачкоўскага, які ўзначаліў ФХБ у кастрычніку 2014 года.

Прызначэнне новага старшыні федэрацыі хакею не працягнула тэндэнцыю, калі на кіроўныя пасады ў спорце пачалі прызначацца прафесіяналы з адпаведных відаў спорту. Гэтак, нядаўна федэрацыю лёгкай атлетыкі ўзначаліў кідальнік молату Вадзім Дзевятоўскі, федэрацыю валейболу – міжнародны арбітр Аляксандр Пясецкі.

Новы старшыня ФХБ падкрэсліў, што атрыманне права правядзення чэмпіянату свету 2021 года ў Менску і Рызе – «велізарная перамога».

Паводле Шапіры, ён займаўся справамі хакею на пасадзе старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму.

«Разам з трэнерам Анатолем Варывончыкам (старшыня ХК «Нёман». – Заўв. «Белсат») вырашылі зрабіць так, каб хакеем у рэгіёне ганарыліся. Працуючы са спецыялістамі ў гэтым відзе спорту, я вывучыў структуру хакейнага клубу. Справа кіраўніцтва – правільна падабраць трэнерскі калектыў. Сёння ў беларускім хакеі нямала праблем. Вядома, будучыня за дзіцяча-юнацкім спортам, таму будзем надаваць яму павышаную ўвагу», – заявіў Шапіра.

Ранейшы кіраўнік ФХБ Ігар Рачкоўскі падзякаваў усім за сумесную працу і выказаў жаданне падзяліцца сваім вопытам у развіцці хакея.


Шапіра – доктар эканамічных навук. У сярэдзіне 90-х быў чальцом Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Перад тым як узначаліць Менскі аблвыканкам, Шапіра кіраваў Гарадзенскай вобласцю. Менавіта ён аддаў загад звольніць з Гарадзенскага ўніверсітэту гісторыка Андрэя Чарнякевіча.

ДД

Стужка навінаў