«Беларускім» бананам, мідыям і васьміногам будзе лягчэй трапіць у Расею


Таварам з Беларусі даюць у Расеі «зялёнае святло», вызваляючы пастаўнікоў ад выплаты адмысловых бонусаў, паведамляе kommersant.ru. 

Аплаты за тое, што тавар трапіць на паліцы расейскіх супермаркетаў, фармальна забароненыя. Але дагэтуль пастаўнікі мусілі заплаціць ад Ru 1 млн до 25 млн., каб іх тавар прынялі на рэалізацыю. Гэтыя аплаты афармляліся як грошы за кансультацыі, рэкламу ці маркетынг. Шмат якія дробныя імпарцёры згаджаліся на гэта, бо інакш яны б не прабіліся на расейскі рынак.

Цяпер тавары з Беларусі, якія заменяць забароненыя санкцыямі прадукты з Еўразвязу, прымуць у Расеі без патрабавання выплаты бонусаў. Такая прапанова паступіла ад саміх расейскіх сетак, падае kommersant.ru. Найбольшы эфект адмена бонусаў можа аказаць на пастаўнікоў малочнай прадукцыі, якой толькі цягам 2013 года паставілі з Беларусі ў Расею на больш чым $ 2 млрд.

Льготы пры ўваходзе ў сетку для беларускіх вытворцаў будуць дыскрымінаваць расейскіх пастаўнікоў, упэўнены генеральны дырэктар кампаніі «Infoline-Аналитика» Міхаіл Бурмістраў.

Эмбарга Расеі на пастаўкі харчавання з ЕЗ, а таксама шэрагу іншых краінаў, уключаючы ЗША, Аўстралію і Канаду, было ўведзена 7 жніўня ў адказ на санкцыі ЕЗ, звязаныя з украінскім канфліктам.

Беларускія пастаўнікі ўжо атрымалі магчымасць імпартаваць у Расею прадукцыю, якая патрапіла пад забарону, але толькі ў выпадку яе глыбокай перапрацоўкі. Цягам 5-ці першых месяцаў года Беларусь паспела паставіць у Расею больш як на $ 3 млн бананаў, ананасаў, мідыяў і васьміногаў «айчыннай» вытворчасці.

МЯ, belsat.eu, паводле kommersant.ru

Стужка навінаў