Затрыманым беларускім фанатам дазволілі пакінуць Італію


Суд У Фларэнцыі пацвердзіў правамернасць арышту фанатаў менскага «Дынама», але іх адпусцілі праз «адсутнасць сацыяльнай небяспекі». Што праўда, праз паўгода беларускія фанаты мусяць зноў з’явіцца ў італьянскім судзе.

Раней беларускае Міністэрства замежных справаў пацвердзіла інфармацыю аб затрыманні 61 грамадзяніна Беларусі ў Фларэнцыі. 13 асобаў будуць судзіць за хуліганства і бойкі з паліцыяй, рэшту адпусцілі пасля высвятлення асобы. Супрацоўнік МЗС з залу суда паведаміў, што заўзятарам дазволілі пакінуць тэрыторыю Італіі. Пра гэта напісана ў акаўнце Twitter беларускай знешнепалітычнай установы.

Там жа напісана, што «абвінавачванне настойвае на наяўнасці доказаў правапарушэння, новае судовае паседжанне прызначанае на 15.06.2015».

Паводле італьянскіх медыяў, група беларускіх фанатаў вырашыла зладзіць шэсце па горадзе перад матчам «Фіарэнтына» – «Дынама». Многія з іх былі пад уздзеяннем алкаголю. Узніклі спрэчкі з паліцыяй, фанаты пачалі кідаць у іх крэсламі і піўнымі куфлямі. Паведамляецца, што некаторыя фанаты мелі з сабою дручкі. Траіх паліцыянтаў падчас сутычак паранілі.

«Консульская служба ў Рыме ўсталявала кантакт з адным з арганізатараў групы заўзятараў, які паведаміў, што скаргаў на ўтрыманне і абыходжанне ў затрыманых няма», – паведамляе беларускае МЗС.

Агулам у Фларэнцыю прыехалі каля 200 беларускіх заўзятараў. Матч скончыўся перамогаю «Дынама» з лікам 1:2.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў