Добраахвотнікі падзякавалі за аказаную дапамогу па легалізацыі перабывання байцоў народнаму дэпутату Украіны Ігару Гузю, які ўжо не раз выступаў у абарону беларускіх добраахвотнікаў. Пра гэта ў сваёй суполцы паведамляе Тактычная Група «Беларусь».
Бліжэйшым часам будзе створаны спіс замежнікаў, дакументы якіх таксама пададуць у Дзяржаўную міграцыйную службу Украіны. Цяпер украінскае грамадзянства мае двое беларусаў-добраахвотнікаў – Сяргей Кароткіх па мянушцы «Малюта» і Васіль Парфянкоў.
Змаганне байцоў за ўкраінскае грамадзянства вядзецца ўжо даўно. У лістападзе летась Вярхоўная Рада ўхваліла законапраект аб спрашчэнні надання грамадзянства замежнікам, якія збіраюцца служыць ва ўкраінскім войску. Для добраахвотнікаў, якія ўжо ваявалі на Данбасе, нічога не змянілася.
Грамадзяне Беларусі ваююць на баку Украіны ў шэрагах добраахвотных батальёнаў і з’яўляюцца дэ-факта нелегаламі. Яны не могуць прыняць грамадзянства, бо ўлады патрабуюць ад іх даведкі з Беларусі, атрымаць якія можна толькі асабіста. На радзіме ж іх чакае ў лепшым выпадку допыты ў КДБ і адседка ў ізалятары.
У красавіку беларускія байцы разам з Ігарам Гузёмпапрасілі кіраўніцтва ўкраінскай дзяржавы дапамогі ў стварэнні легалізаванага дабравольніцкага батальёну і патрабавалі не выдаваць дазвол на экстрадыцыю замежнікаў, якія ваявалі за Украіну на Данбасе.
4 красавіка Палата прадстаўнікоў Беларусі ўнесла змены ў заканадаўства краіны да артыкула «наёмніцтва». Калі раней законам наймітамі лічыліся людзі, якія за ўдзел у вайне ў іншай краіне атрымлівалі грошы, то цяпер наёмнікамі могуць быць прызнаныя і людзі, якія ваявалі не за грошы, а па ідэйных матывах.