Беларускі земнаводны разведчык: браніраваны «Кайман» заканчвае выпрабаванні


Новая беларуская бронемашына «Кайман» прайшла праверкі і выпрабаванні на вадзе і на зямлі, у тым ліку на максімальную хуткасць, пераадоленне перашкод, рамонтапрыдатнасць, паведамляе сайт Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту Беларусі.

Распрацоўнікк МБТС (мабільны браніраваны транспартны сродак) «Кайман» – 140-ы рамонтны завод, які пераважна займаецца мадэрнізацыяй і капітальным рамонтным танкаў і іншай бранятэхнікі.



Фота з сайта ДВПК.

Амаль роўна год таму прома-ролік выпрабаванняў найноўшага браневіка пад жвавую музыку зʼявіўся на афіцыйным канале YouTube Дзяржкамваенпраму.

Барысаўскі завод стварыў «Кайман» на базе савецкай БРДМ-2 (браніраваная выведна-дазорная машына). Машына была радыкальна мадэрнізаваная, быў перароблены бранекорпус – зʼявіліся бакавыя дэсантныя дзверы, памяняліся агульныя абрысы, замест вежы «Кайман» атрымаў паваротны пагон для ўстаноўкі разнастайнага ўзбраення і абсталявання.

Такім чынам ён можа атрымаць кулямёт ПКС калібру 7,62мм, буйнакаліберны кулямёт «Уцёс» калібру 12,7мм, 30мм гранатамёт АГ-17А/АГ-30С ці комплекс касмічнай сувязі. Акрамя гэтага там можа стаяць дыстанцыйна кіраваны баявы модуль «Адунок» таксама беларускай распрацоўкі.

Асаблівую ўвагу пры выпрабаваннях звярнулі на праверку жыццяздольнасці машыны і экіпажу. «Кайман» атрымаў узмоцненае супрацьміннае браніраванне, павялічылася лабавая браня. Машыну абстрэльвалі на палігоне са стралковай зброі – 7,62мм кулямёта Калашнікава, з 30мм аўтаматычнага гранатамёта, са снайперскай вінтоўкі СВД патронам СН са стальным сардэчнікам.



Фота з сайта ДВПК.

Пры тым, што «Кайман» з-за павелічэння браніравання пацяжэў у параўнанні з савецкай БРДМ-2, аднак новы рухавік з электроннай сістэмай кіравання падачай паліва, новая пяціступеневая трансмісія, незалежная тарсіённая падвеска дазволілі яму не страціць, а нават павялічыць сваю мабільнасць.

Атрымалася машына поўнай вагай не больш за 7 тон, якая мае хуткасць да 110км/г па шашы і запас ходу да 1 000 км. Хуткасць бранеаўтамабіля на плаву – да 8 км/г.

Беларускія вытворцы зброі лічаць, што «Кайман» добра сябе пакажа падчас разведвальных і дыверсійных аперацыяў, патрулявання, суправаджэння транспартных калонаў, міратворчых і паліцэйскіх аперацыяў, дзеянняў ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў