«Беларускі вырадак», у чыіх руках «знікалі» першыя пазыкі БНР, «антыгерой» беларушчыны Павел Аляксюк


У беларускай прэсе 20-х за прапольскую арыентацыю яго ахрысцілі «бацькам беларускіх паланафілаў», выдатны палітэхнолаг свайго часу, авантурыст, які варушыў нацыянальныя з’езды і якога ганілі ўсе. Гісторык Андрэй Чарнякевіч раскрывае постаць загадкавага антыгероя беларускага нацыянальнага руху Паўла Алексюка.

Над сваёй новай кнігай «Чужы сярод чужых» гарадзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч працаваў некалькі гадоў. Як прызнае аўтар, сёння цяжка знайсці ў гісторыі палітычнага жыцця БНР асобу больш негатыўную ва ўспрыманні сучаснікаў, чым Павал Аляксюк. За што так не любілі аднаго з самых актыўных палітыкаў пачатку 1920-х гг. гісторык распавёў падчас першай прэзентацыі сваёй кнігі ў этнакраме «Цудоўня».

«Беларускі вырадак»

У Горадні прэзентавалі кнігу Андрэя Чарнякевіча “Чужы сярод чужых”

«Несправядлівы» беларус, які ў беларускім руху кіруецца не ідэяй, а ўласнымі амбіцыямі і прагаю ўлады, шантажыст і злодзей, карерыст з неўстойлівымі палітычнымі поглядамі, авантурыст, беларускі Азеф, асоба з сумнеўнай маральнасцю, «беларускі вырадак», – пісалася ў беларускай прэсе міжваеннага часу пра Паўла Алексюка. Гісторык вырашыў спраўдзіць, адкуль такое адзінадушша?

«Аляксюк быў выбраны не выпадкова ў ролі гэтага «чужога». Галоўным яго грахом была арыентацыя на Польшчу. Можна дачакацца рэабілітацыі падчас калабарацыі з нацыстамі. Можна знайсці тлумачэнне супрацы з савецкім камуністычным рэжымам, але паланафілы да сённяшняга часу застаюцца ў нацыянальнай міфатворчасці чужымі. Спроба стаць палітычнымі хаўруснікамі Польшчы стварыла з іх палітычных маргіналаў. Гэта вельмі дзіўны момант, які складае элемент беларускай палітычнай ідэалогіі, як тады, на пачатку 20-х, так і цяпер», – тлумачыць Андрэй Чарнякевіч.

Першы свядомы гарадзенскі беларус

Дзяцінства і паходжанне Паўла Алексюка дагэтуль застаюцца малавядомымі. Ёсць некалькі датаў яго нараджэння, а таксама некалькі месцаў, якія Аляксюк прадстаўляў у залежнасці ад патрэбы. Аднак гарадзенская старонка яго гісторыі раскрывае цікавы факт, на які звяртае асаблівую ўвагу Андрэй Чарнякевіч.

Гісторык Андрэй Чарнякевіч

Калі мы паспрабуем знайсці ў Горадні асобу, якая першай задэкларавала сваю беларускасць, то гэта будзе менавіта Павал Аляксюк.

«Мне давялося трымаць адзін з лістоў Паўла Алексюка для часопісу «Litwa». Гэта літоўскі часопіс, які выдаваўся па-польску. Акрамя зместу, там быў адзін маленькі, але вельмі выразны момант. На гэтым лісце ў 1909-м годзе быў пазначаны адваротны адрас з подпісам: «Горадня, Беларусь», – кажа Андрэй Чарнякевіч.

У той час Аляксюк быў гімназістам гарадзенскай гімназіі, гэта быў самы росквіт Расейскай імперыі, яшчэ жывая была Эліза Ажэшка, а юнак змяшчае Горадню, на яшчэ не існуючую мапу Беларусі. Фактычна забірае Горадню ад габрэяў, палякаў, расейцаў і аддае Беларусі. На той час яго крок быў праявай шызафрэніі, сёння мы можам называць яго празорліўцам.

Ад літвамана да аднаго з самых актыўных беларускіх палітактывістаў

Гурток беларускай моладзі, Павал Аляксюк трэці зправа, займаў пасаду віцэ-старшыні

З Горадні Павал Аляксюк з’язджае ў Санкт-Пецярбург, дзе далучаецца да шырокага кола беларускіх дзеячаў. Ён іграў другасныя ролі ў пастаноўцы «Паўлінкі». Быў першым вядомым перакладчыкам з літоўскай мовы на беларускую. Ён быў у цэнтры аматараў беларушчыны. Калі ў 1915-м годзе паўстае першая легальная арганізацыя ў імперыі «Таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны», Аляксюк узначальвае гарадзенскае прадстаўніцтва.

«Аляксюк, у гэты перыяд жыцця быў літваманам. Ён дзейнічаў у вельмі шчыльнай сувязі з літоўскімі арганізацыямі. Літоўскі нацыянальны рух быў значна мацнейшы і Аляксюк, чыя жонка была этнічнай літоўкай, меў у ім сувязі. Некторы час ён жыў у Коўна, там ён пазнаёміўся з Адамовічамі. Магчыма, у гэты час ён пазнаёміўся з Балаховічам. А ў 15-м годзе ён стварае гэтае прадстаўніцтва «Таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны», узначальвае яго і першае, што робіць, гэта ўшчэнт сварыцца з Антонам Луцкевічам, хутчэй за ўсё таму, што не хоча дзяліць уладу», – кажа Андрэй Чарнякевіч.

Фатальны досвед канфліктаў вяртаўся яму ў выглядзе ярлыкоў: не правільны, не такі як усе, не маральны. Беларускі рух апынуўся фактычна падзелены.

Луцкевічы, Ластоўскі застаюцца ў Вільні, а Аляксюк пераязджае ў Менск, дзе стварае той асяродак, які пазней выбухне беларускай актыўнасцю падчас лютаўскай рэвалюцыі. Побач з Алексюком у канцы 16-га года шэраг беларускіх постацяў – Багдановіч, Смоліч, Шантыр ды інш.

«17 год – момант ісціны. У Менску – рэвалюцыйны выбух. І што мы бачым? Першыя беларускія мітынгі – Аляксюк. Дэлегацыя да часовага ўрада – Аляксюк. Першае беларускае выданне – Аляксюк. Колькасць гэтай актыўнасці проста зашкальвае. Ён дзейнічаў на скрыжаванні інстытутаў, ён быў першым прадстаўніком беларусаў у гарадской радзе Менску. Ён быў першым прадстаўніком беларусаў у саветах і спрачаўся з самім Фрунзе», – распавядае гісторык.

Палітычнае ашуканства і фінансавыя махінацыі

На пачатку 1917-га г. Аляксюк сыходзіцца ідэалагічна і эканамічна з Раманам Скірмунтам, яны ствараюць партыю, спрабуюць узяць пад сваё кіраўніцтва Беларускі нацыянальны камітэт. Але ўжо ў сярэдзіне 17-га года Скірмунт і Аляксюк аказаліся выкінутымі за межы беларускага нацыянальна руха. І калі Скірмунт фактычна сыходзіць, то Аляксюк працягвае сваю дзейнасць. Ён выдае газеты, стварае арганізацыю, пры чым не абы-якую, а тую, што ўваходзіць у Беларускую вайсковую раду. Аднак менавіта ў 17-м годзе за Алексюком пачынае шлейфам цягнуцца рэпутацыя палітычнага ашуканца.

«Можна да бясконцасці пералічваць ягоныя авантуры. Калі бальшавікі ў Менску дайшлі да ўлады, Беларуская вайсковая рада была коласам на гліняных нагах. Няма грошай. І прымаецца рашэнне – паслаць за пазыкай да ўкраінскай рады. І ўкраінцы, якія былі зацікаўленыя ў стварэнні яшчэ аднаго нацыялістычнага цэнтру на поўнач ад Кіева, даюць грошы.

Кур’ерам быў Аляксюк. Ён павінен быў ствараць беларускае войска ва Укране. Ён вяртаецца ў той момант, калі асноўныя інстытуты былі разбітыя бальшавікамі. Але грошы якія атрымаў Аляксюк, першую беларускую дзяржаўную пазыку, ніхто больш ніколі не бачыў.

У далейшым такіх сітуацый, калі Аляксюк атрымоўвае велізарныя грошы і яны застаюцца ў яго руках, вельмі шмат», – адзначае гісторык.

Палітычны прагматызм і хаўрус з Пілсудскім

Фотаздымак Паўла Аляксюка

Менскі перыяд заканчваецца для нашага антыгероя разам з прыходам бальшавікоў. Спачатку ён трапляе на тэрыторыю Віленшчыны, а пазней на пачатку 19-га года прыязджае ў Горадню. Тут ён быў свой. Першы беларускі мітынг на беларускай мове ў Горадні праводзіць Аляксюк, яго сястра і Аркадзь Смоліч. Аднак, як адзначае гісторык, на той час у Горадні пануе вельмі напружаная атмасфера.

«Калі палякі занялі Горадню вясной 1919-га г. Аляксюк фактычна застаецца кіраўніком Гарадзенскай губерні БНР. У гэты час разам з Браніславам Тарашкевічам ён сустракаецца са Слаўкам, кіраўніком польскай дэфензівы Вільні. Перамовы заканчваюцца дакладным гешэфтам. Славэк прапануе грошы. 10 тысяч расейскіх рублёў на тое, каб сабраць беларускі з’езд, каб стварыць ідэалагічны падмурак да федэралістычных планаў Пілсудскага. Аляксюк пагаджаецца, а Тарашкевіч вяртаецца пасля сустрэчы разгубленым. З аднаго боку ён разумее тыя шанцы, якія выпалі. Тым больш, што ў Менску ён паспеў паспрабаваць бальшавіцкай турмы. З другога боку, гэта здрада».

На выдзеленыя палякамі грошы Аляксюк спрабуе сабраць беларускі з’езд у Вільні, з мэтай агітацыі за супрацу з Польшчай, аднак гэтая спроба заканчваецца поўнай паразаю. Алексюка публічна прызнаюць здраднікам і выганяюць з трыбуны. У межах супрацы з палякамі, Аляксюк спрабуе стварыць беларускае войска пад польскім камандаваннем, аднак і гэтая спроба не дае вынікаў.

«Пасля падпісання Рыжскага міру Аляксюк канчаткова вызначаецца як ідэалагічны прыхільнік Польшчы. Восенню 21-га года на палітычнай канферэнцыі ў Празе, Аляксюк прыязджае і выступае як ідэолаг паланафільскага кола. Аднак, калі пачытаць яго выступленне, то яго паланафільства, абгрунтавана пэўнымі ўмовамі. Ён наўпрост сказаў: «Так, мы бачым шмат кепскага, што робіць зараз Польшча, але іншай альтэрнатывы няма. Калі польскія ўлады не зменяць сваёй палітыкі, мы ўзарвем той будынак, які зараз будуем». Свядомы паланафіл не казаў бы так радыкальна», – тлумачыць Андрэй Чарнякевіч.

Пасля поўнай паразы і няспынных абвінавачванняў у прэсе, ён страчвае ўсе фінансавыя ўплывы.

Пераязджае ў Наваградак, дзе ў 26-м годзе страціць сына. Палітычная і грамадская гісторыя Паўла Алексюка заканчваецца апошнімі згадкамі ў прэсе ў 1932-м годзе. Махінатар з досведам падпаліў свой дом, застрахаваўшы яго перад гэтым на вялікую суму грошай. Пасля двух месяцаў арышту, ён канчаткова пераязджае ў Польшчу і жыве жыццём звычайнага адваката.

«Апошняя звестка – 56-год, недзе з наваколля Лодзі. Аляксюк дапрацоўвае натарыусам у Польшчы. Магчыма, сыход з грамадскага жыцця Беларусі дапамог яму перажыць астатніх. Ён здолеў змясціць у сабе замілаванасць да Беларусі, нейкія немаральныя і неэтычныя ўчынкі, вельмі якасную ролю паліттэхнолага і ў выніку знікнуць з палітычнага асяроддзя, захаваўшы сабе некалькі дзесяцігоддзяў жыцця. Гэтага дастаткова, каб зацікавіцца гэтай постаццю», – дадае гісторык.

Паўліна Валіш, фота Васіль Малчанаў, belsat.eu

Стужка навінаў