«Беларускі свабодны тэатр» распачаў 11-ты сезон у канспіратыўнай атмасферы


Новы тэатральны год акторы распачалі адноўленым сёлета спектаклем «Псіхоз 4:48» паводле Сэры Кейн, з якога калісьці пачаўся феномен «Свабоднага тэатру».

Спектакль распачаўся з архіўных кадраў прэм’ернага паказу таго самага «Псіхозу», калі СТ яшчэ не існавала. Дзякуючы відэа, акторка «Свабоднага тэатру» Яна Русакевіч змагла спаткацца са сваёй асобай з мінулага – з акторкаю Купалаўскага тэатру Янай Русакевіч, маладзейшай на 10 гадоў.

П’еса «Псіхоз» апавядае гісторыю чалавека, які не хоча паміраць, але і жыць больш не можа. Аўтарка – Сэра Кейн – апісала нязносны цяжар існавання ў сваім перадсмяротным тэксце, дэдлайн якога быў а 4:48 раніцы.

«Псіхоз» можна пабачыць на сцэнах сусветных тэатраў, але ў Беларусі яго пасыл адчуваеш найвастрэй: каб трапіць на спектакль, трэба знайсці інфармацыю ў інтэрнэце, запісацца праз тэлефон і прыйсці па названым адрасе, адкуль цябе забяруць і адвядуць у маленькую цёмную залу, аддзеленую ад сцэны вельмі ўмоўна – тонкай белай лініяй, кавалкам ліпкай стужкі. Тут мастацтва і жыццё – без мінкультаўскай праслойкі і вахцёрак з хімічнай завіўкай.

У мінулым, юбілейным сезоне «Свабодны тэатр» прызвычаіў менскую публіку да частых, штотыднёвых выступаў. Кіраўнікі трупы праз скайп паабяцалі шмат сюрпрызаў у новым сезоне.  А тым, каму будзе мала, параілі рабіць брытанскія візы: сядзіба «Свабоднага тэатру» цяпер – у Лондане.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары