Беларускі суд вырашыць, хто будзе галоўным апекуном сына Вікторыі Азаранкі


Паводле амерыканскага спартовага парталу TMZ Sports, адвакаты Вікторыі Азаранкі пераканалі амерыканскі суд перадаць разгляд справы аб апецы над аднагадовым сынам тэнісісткі ў Беларусь.

Каліфарнійскі суддзя прыняў рашэнне на карысць Азаранкі, пагадзіўшыся, што справа аб апякунстве не датычыць Каліфорніі і ЗША. Раней Вікторыя Азаранка дамагалася, каб ейную справу разглядаў беларускі суд, які прызнае за спартоўкай першаснае права апекі над сынам.

Былы бойфренд Вікторыі хакеіст Білі Макег мае тры тыдні на апеляцыю.

Выданне адзначае, што суперзорка на адзін крок бліжэй да аднаўлення сваёй кар’еру – яна зможа выехаць з ЗША. У ліпені летась Білі Макег падаў дакументы на бацькоўства. Суд Лос-Анджэлеса пастанавіў, што на час разгляду справы аб апякунстве Леа не можа пакідаць горад. Увесь гэты час Вікторыя таксама не выяжджала з тэрыторыі ЗША.

Былая першая ракетка свету плануе як мага хутчэй вярнуцца на радзіму. Паводле TMZ Sports, Азаранка хоча, каб бацька Леа прымаў удзел у жыцці сына, і спадзяецца наладзіць з ім зносіны.

Праз судовыя разбіральніцтвы тэнісістка прапусціла Australian Open, US Open, а таксама некалькі важных турніраў.

ДР belsat.eu

 

 

Стужка навінаў