Беларус вынайшаў партатыўную зарадку для мабільнікаў


Міхаіл Вага

І сабраў на яе грошаў больш, чымся планаваў.

20-гадовы жыхар Гомля Міхаіл Вага стварыў прыладу, што вырабляе энергію: дастаткова круціць яе ў руцэ. Гаджэт можна выкарыстоўваць у любым месцы і ў любы час для падпіткі мабільных прыладаў.

Летась Міхаіл Вага атрымаў на яе вытворчасць больш за 70 тысяч еўраў праз краудфандынгавую платформу Kickstarter. Сабраная сума ў паўтары разы перавысіла колькасць сродкаў, якая патрабавалася для праекту. Тыя, хто замаўляў прылады, атрымаюць іх ужо сёлета ўвосень. 

Больш за ўсё гаджэты замаўляюць з краінаў Еўропы і ЗША. Зараз мы працягваем краудфандынг, – распавёў Міхаіл Вага belsat.eu.

Як працуе HandEnergy?

Прылада HandEnergy уяўляе сабой карманны электрычны генератар. Выглядае гэта як металічны шар памерам з яблык. Шар патрэбна круціць адной рукой. Падчас кручэння магнітны вінт унутры перадае механічную энергію кручэння да стартара, які пераўтварае яе ў электрычную энергію. Далей электрычнасць перадаецца да батарэі мабільнай прылады з дапамогай звычайнага USB-дрота.

“Мая ідэя прыйшла ад праблемы. Пастаянна раздражняла, што мабільныя прылады разраджаюцца, прыйшлося вынаходзіць спосаб гэта вырашыць. Я шмат вывучаў рухавікоў пераменнага току і розныя віды механічнага кручэння, так што я хутка знайшоў лёгкі спосаб генерацыі электраэнергіі”,  – кажа Міхаіл.

Прылада HandEnergy. Фота: www.hand.energy

Час зарадкі залежыць ад хуткасці кручэння шара. Для выпрацоўвання стандартных 5 Вт, што забяспечвае электрычная сетка, HandEnergy патрэбна круціць вельмі інтэнсіўна, таму ў камфортным рэжыме кручэння прылада будзе зараджаць павольней, чым ад электрычнай сеткі. Існуе адмысловае прыкладанне, дзе можна выбраць пажаданую магутнасць генерацыі.

«Ток генерацыі можа быць розным, залежыць ад вашага выбару. 5 Вт магутнасці складана для кручэння, але ў прыкладанні вы можаце паставіць такую магутнасць і паспрабаваць пакруціць. Але сярэднестатыстычная магутнасць для камфортнага кручэння звычайна меншая», – кажа Міхаіл.

Перш чым запусціць праект, Міхаіл з камандай пратэставалі больш за дзесятак опцыяў, якім чынам можна трансфармаваць энергію чалавечага цела ў электрычнасць. Таксама яны зладзілі тур па Еўропе і аб’ехалі 15 гарадоў у дзевяці краінах, дзе прэзентавалі прыладу простым людзям і пыталіся пра іх уражанні. На распрацоўку праекта пайшло прыкладна два гады.

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары