Беларускі спецназ адправіўся на вучэнні ў Расею


Дэсантнік 103-й гвардзейскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгады (Віцебск) бяжыць з кулямётам РПК падчас трэнироўкі. Фота – Вікіпедыя

Асноўная фаза планавых вучэнняў пройдзе 9-11 кастрычніка на тэрыторыі ваенных палігонаў і аэрадромаў, размешчаных у Пскоўскай вобласці.

Прадстаўнікі Сілаў спецыяльных аперацый Узброеных сілаў Беларусі адправіліся на супольныя з расейскімі дэсантнікамі тактычныя манеўры. У іх возьме ўдзел каля тысячы вайскоўцаў, больш за 200 адзінак баявой і спецыяльнай тэхнікі ад абедзвюх дзяржаў.

«Падчас сумесных вучэнняў дэсантнікі абедзвюх дзяржаваў на тэрыторыі РФ будуць узаемадзейнічаць, праводзячы разведку, а таксама наступальныя, манеўраныя і абарончыя дзеянні», – цытуе заяву расейскага Міністэрства абароны «Інтэрфакс».

У паведамленні адзначаецца, што ўдзельнікі вучэнняў «будуць выкарыстоўваць толькі штатныя сродкі сувязі, разведкі, комплексы ўзбраення, спецыяльную тэхніку, якая знаходзіцца на ўзбраенні».

Старонка беларускага ведамства нічога пра гэтыя вучэнні не паведамляе.

З 25 верасня да 8 кастрычніка беларускія спецназаўцы праводзяць тактыка-спецыяльныя супольныя вучэнні з дэсантнікамі на тэрыторыі Беларусі.

Колькасць расейскіх вайскоўцаў, што прыбылі ў Менск, і колькасць беларускіх жаўнераў, што адправіліся ў Расею, дакладна не вядомыя.

ДД

Глядзі таксама
Каментары