Беларускі шараговы за месяц збораў атрымлівае ў 5 разоў менш, чымся расейскі за дзень


За месяц вайсковых збораў «дармаеды» могуць атрымаць $180. Belsat.eu палічыў, колькі плацяць «партызанам» у Беларусі і ў суседніх краінах.

За апошні год вайсковыя зборы сталі звыклай з’явай у Беларусі, а таксама ў нашых суседзяў. Прычым датычаць яны не толькі прафесійных вайскоўцаў, але рэзервістаў ды запаснікаў, якіх выклікаюць на зборы ў Расеі, Польшчы, Літве і ў Латвіі.

Belsat.eu спраўдзіў, на якія грошы могуць разлічваць «цывільныя» з розных краінаў, якіх зацягнулі на зборы.

Беларусь

«Запаснікі» беларускага войска, якія атрымалі позву на вайсковыя зборы, захоўваюць за сабой свой месячны заробак. Ён налічваецца працадаўцам згодна з заробкам працоўнага за апошнія два месяцы, пасля чаго працадаўца можа кампенсаваць яго з мясцовага бюджэту.

Таксама «партызаны» (так часам называюць прыцягнутых да збораў цывільных) могуць разлічваць на грашовае забеспячэнне на час збораў. Напрыклад, шараговы атрымае 0,043 базавага акладу ў месяц – 55 900 рублёў ці $3,6.

Індывідуальныя прадпрымальнікі, беспрацоўныя і гэтак званыя дармаеды, якія трапілі пад прызыў на зборы, атрымоўваюць кампенсацыю памерам 15 базавых велічыняў за месяц. Атрымоўваецца 2,7 млн рублёў альбо амаль $180. Каб аплаціць «падатак на дармаедаў», гэтага не хопіць.

Расея

Расейскаму шараговаму за дзень збораў плацяць тысячу расейскіх рублёў (звесткі з пачатку лютага). Гэта ў пяць разоў больш у параўнанні з кампенсацыяй, якую атрымоўвае наш шараговы за месяц! Ну і яшчэ трэба дадаць сярэдні заробак працаўніка за месяц. Штопраўда, каб не выдаткоўваць шмат на кампенсацыю сярэдніх заробкаў, на зборы ў Расеі ў асноўным прызываюць працаўнікоў дзяржаўных арганізацыяў, зазначае вайсковы аглядальнік Павел Фельгенгаўэр.

Зборы не носяць масавага характару, як у Ізраілі ці ЗША, дзе ёсць Нацгвардыя, ты запісваешся, табе за гэта грошы плацяць, а ты абавязаны з’яўляцца на зборы, і калі трэба – браць у рукі зброю ды выконваць пастаўленае заданне», – заўважае эксперт.

Украіна

Ва Украіне не да збораў, там цяпер сапраўдная вайна. Але згодна з мясцовымі законамі ад 2006 года, за кожны дзень збораў шараговы атрымоўвае 6 грыўняў альбо $0,28. Але і тут грашовае забеспячэнне збярэцца ўдвая большае, чым у Беларусі, калі ўявіць, што зборы цягнуцца месяц. Хутка кампенсацыя будзе яшчэ большай, бо падымецца «мінімалка». А таксама ўдзельнікі збораў атрымоўваюць усё той жа сярэдні заробак.

Польшча, Літва і Латвія

За кожны дзень вучэнняў шараговы ў Польшчы атрымоўвае ад войска 70 злотых ($19) у дзень – прыкладна як у Расеі, і значна больш, чым у Беларусі. Калі ж рэзервіст мае большы заробак на сваёй працы, то можа разлічваць на кампенсацыю памерам 1/21 свайго месячнага заробку. Пры гэтым кампенсацыя за содні не мусіць перавышаць 474 злотых ($129). Прыкладна такая ж сістэма ў Літве: удзельнік вучэнняў атрымоўвае вайсковы заробак у адпаведнасці з вайсковым званнем альбо свой сярэдні заробак на працы, калі ён перавышае вайсковы.

У суседняй Латвіі таксама хутка адбудуцца вучэнні рэзервістаў. Позвы ўжо атрымалі 300 чалавек, якія ўжо раней служылі ў войску, паведамляюць Belsat.eu у латвійскім Міністэрстве абароны. За дзень вучэнняў кожны працаўнік атрымае кампенсацыю з дзяржаўнага бюджэту памерам 5 % ад свайго заробку.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў