Беларускі прэм’ер паабяцаў накарміць расейскага вустрыцамі і пармезанам


Прэм’ер Расеі Дзмітрый Мядзведзеў застаўся задаволены арганізацыяй працы Еўразійскага міжурадавага савету, звярнуўшы ўвагу ў тым ліку і на «смачныя прадукты, якія не ўваходзяць у санкцыйных спіс», якімі яго частавалі ў Беларусі.

«Дзякуй беларускаму боку за добрыя ўмовы працы, добрыя ўражанні і за смачныя прадукты, якія не ўваходзяць у санкцыйных спіс. Смачна накармілі», – сказаў Дзмітрый Мядзведзеў, адкрываючы ў аўторак вечарам у Горадні сустрэчу са сваім беларускім калегам Андрэем Кабяковым, інфармуе interfax.by.

«Мы рады, што вам спадабалася», – адзначыў са свайго боку прэм’ер Беларусі.

Кабякоў назваў добрым рашэнне аб правядзенні пасяджэння савету ў Горадні. «У нас яшчэ пяць абласных цэнтраў, і паверце, у любым пункце Беларусі вам будзе камфортна», – запэўніў ён.

Кіраўнік ураду РФ у сваю чаргу сказаў: «У мяне сёння пыталіся, калі, нарэшце, нам пададуць беларускі пармезан, беларускі хамон і беларускія вустрыцы. Раз у вас яшчэ пяць субектаў (вобласцяў), можа, дзе-небудзь мы іх яшчэ паспрабуем?»

Прэм’ер Беларусі на гэта паабяцаў пачаставаць Мядзведзева беларускімі вустрыцамі ў Берасці, а беларускім пармезанам – у Гомельскай вобласці.

Еўразійскі міжурадавы савет адбыўся 8-га верасня ў Горадні. Удзел у сустрэчы ўзялі прэм’ер-міністры Беларусі, Арменіі, Расеі, Казахстану і Кыргызстану.

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў