Беларускі нацыянальны кангрэс заклікае на масавую акцыю 25 сакавіка


Беларускі нацыянальны кангрэс (БНК) заявіў, што распачынае кампанію пад назвай «Уладу – народу!». Адпаведную заяву апублікаваў адзін з лідараў БНК Мікола Статкевіч.

Паводле заявы, мэта новай кампаніі – «дамагчыся правядзення датэрміновых сумленных прэзідэнцкіх выбараў пад міжнародным кантролем».

«Прымусіць рэжым да мірных перамен – гэта самаахвярны шлях найперш для тых, хто бярэ на сябе адказнасць за пратэстныя акцыі, хто праз іх сутыкаецца з рэпрэсіямі. Але іншага шляху да перамен няма», – піша Статкевіч.

БНК заклікае выходзіць на масавую акцыю 25 сакавіка 2018 году – у сотую гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Паводле папярэдняга плану, акцыя стартуе на плошчы Якуба Коласа ў Менску.

Статкевіч адзначыў, што кампанію «Уладу – народу!» Беларускі нацыянальны кангрэс плануе праводзіць і ў рэгіёнах.

У сваім звароце Мікола Статкевіч нагадаў і пра «гарачую вясну» гэтага года:

«Мінулай вясной народ канчаткова зразумеў, што краіна акупавана незаконнай, хлуслівай уладай, што намі правіць банда злачынцаў. Міжнародныя адбельвальнікі рэжыму мусілі сцішыць свой імпэт. Рэжым не здолеў атрымаць мільярды крэдытаў на ўтрыманне вялізнай арміі сваіх »сілавікоў« і чыноўнікаў».

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары