Беларускі МЗС можа апублікаваць расшыфроўку перамоваў экіпажа «Белавія» з украінскім дыспетчарам


Паводле прэс-сакратара ведамства Дзмітрыя Мірончыка, Украіна пакуль ніяк не адрэагавала на ноту пратэсту беларускага МЗС наконт інцыдэнту з «Боінгам» кампаніі «Белавія».

Мірончык сказаў, што «выклікае пэўнае здзіўленне пазіцыя ўкраінскага боку, украінскіх партнёраў, у дачыненні да якіх Беларусь заўсёды трымалася добрасуседскай сяброўскай лініі».

Калі рэакцыі не будзе і далей, беларускі бок будзе вымушаны прыняць дадатковыя крокі:

«Аж да апублікавання расшыфроўкі перамоваў членаў экіпажа з украінскім дыспетчарам. Але час яшчэ ёсць, пачакаем», – заявіў прэс-сакратар МЗС.

Раней апублікаваць гэтыя запісы пагражала «Белавія».

Інцыдэнт з лайнерам «Белавіі» здарыўся 21 кастрычніка. СБУ зняпраўдзіла інфармацыю пра тое, што пілоту «Белавія» пагражалі баявымі знішчальнікамі. Самалёт вярнулі ў аэрапорт «Жуляны» з-за «падазронага супрацоўніка СБУ», якім аказаўся блогер Армен Марцірасян. Мужчына будзе судзіцца з Украінай. Кампенсацыю будзе патрабаваць і «Белавія».

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары