Беларускі КДБ перадаў Польшчы звесткі пра польскіх палонных ІІ сусветнай вайны


Спіс месцаў, куды савецкія ўлады скіроўвалі палякаў, узятых у палон на пачатку ІІ сусветнай вайны, беларускі КДБ перадаў кіраўніку польскіх спецслужбаў. Гэта можа быць пачаткам адкрыцця для Польшчы беларускіх архіваў, адзначае прадстаўнік Канцылярыі старшыні Рады Міністраў ды каардынатар польскіх спецслужбаў Марэк Бернацкі.

Атрыманы дакумент можа дапамагчы палякам знайсці гэтак званы «беларускі катынскі спіс», падае сайт Wyborcza.pl са спасылкай на Польскае прэс-агенцтва (PAP).

Прэс-сакратар польскіх спецслужбаў палкоўнік Мацей Карчыньскі паведаміў, што дакумент нядаўна перадалі кіраўніку Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) Дарыюшу Лучаку прадстаўнікі беларускага КДБ падчас апошняга спаткання.

«Дакумент быў прыняты ў якасці акту добрай волі з боку Беларусі», – адзначыў Карчыньскі.

Каардынатар польскіх спецслужбаў Марэк Бернацкі заўважыў, што перадача архіўных звестак адбылася на мінулым тыдні, калі польскія сілавікі наведалі Беларусь, каб навязаць супрацу дзеля абароны агульнай мяжы ад нелегальнай эміграцыі. «Мы ўсталявалі кантакты, польскія памежнікі пачалі супрацу ў ахове мяжы з беларускім КДБ», – дадаў Бернацкі.

«Перадаўшы адзін дакумент, беларусы паказалі, што яны адкрытыя да супрацы, што хочуць адчыніць архівы, хочуць рушыцца з месца і з намі супрацоўнічаць», – сказаў каардынатар.

Беларускі бок абяцаў перадаць Польшчы яшчэ больш дакументаў, заўважыў Бернацкі.

Прэс-сакратар польскіх спецслужбаў Мацей Карчыньскі патлумачыў, што з Беларусі ў Польшчу трапіла копія справаздачы для народнага камісара ўнутраных спраў СССР Лаўрэнція Берыі з пазначэннем пяці месцаў, куды маглі б быць скіраваныя палякі, узятыя ў палон савецкімі войскамі ў пачатку ІІ сусветнай вайны. Лагеры ў Арэхаве (цяпер Маларыцкі раён), Радашковічах, Стоўбцах, Цімкавічах (Капыльскі раён) і Жыдкавіцах (Жыткавічах?) былі ў стане прыняць да 10 тыс. чалавек.

«У справаздачы таксама гаворыцца аб падрыхтоўцы гэтых месцаў. Пазначаныя імёны людзей, якія за гэта адказвалі», – заявіў прэс-сакратар Агенцтва ўнутранай бяспекі. «Рапарт таксама сведчыць, што пазней усе палонныя мусілі быць скіраваныя ў адно месца – у Казельск (на тэрыторыі Расеі)», – дадаў Карчыньскі.

Справаздачу перададуць у Інстытут нацыянальнай памяці, які зоймецца яго даследаваннем. Палякі спадзяюцца, што гэты дакумент дапаможа выйсці на не знойдзены да гэтага часу «беларускі катынскі спіс».

Гэты спіс разглядаецца польскімі гісторыкамі як адна з найбольшых таямніц Катыні. Навукоўцы мяркуюць, што ў «беларускім спісе» мае знаходзіцца каля 4 тыс. польскіх жаўнераў і чыноўнікаў, забітых савецкімі ўладамі. (Колькасць ахвяраў Катыні – каля 22 тыс. польскіх грамадзянаў).

Пасля ўварвання Чырвонай Арміі 17 верасня 1939 года ў Польшчу, вялікая колькасць вайскоўцаў і дзяржаўных служачых была арыштаваная, а затым, верагодна, забітая на загад Сталіна ў турме НКВД у Менску. Меркаванае месца пахавання палякаў – Курапаты, дзе НКВД закопвала целы сваіх ахвяраў у 1937-1941 гады.

Звесткі пра амаль 4 тыс. асобаў у «беларускім катынскім спісе» вынікаюць з запіскі 1959-га года кіраўніка КДБ Аляксандра Шалепіна на імя І-га сакратара ЦК КПСС Мікіты Хрушчова. У запісцы Шалепін паведамляе, што ў савецкай Беларусі ды Украіне былі забітыя 7 305 польскіх грамадзянаў. Вядомы катынскі спіс з Украіны змяшчае 3 435 імёнаў. Адсюль выснова, што 3 870 прозвішчы маюць быць у «беларускім катынскім спісе».

МЯ, паводле wyborcza.pl

Стужка навінаў