Беларускі ІЛ-76 пры пасадцы знёс будынак у Паўднёвым Судане. Загінула пяцігадовая дзяўчынка


Беларускі самалёт перавозіў гуманітарны груз і падчас прызямлення ў горадзе Джуба, сталіцы Паўднёвага Судану, знёс дах жылога будынку. Пацярпелі чацвёра чалавек – дзве жанчыны і два дзіцяці, яшчэ адна дзяўчынка загінула.

Самалёт ІЛ-76, што перавозіў гуманітарны груз міжнароднай харчовай праграмы ААН у Паўднёвым Судане, належыць беларускай кампаніі «Трансавіаэкспарт». Падчас няшчаснага выпадку самалётам кіраваў беларускі экіпаж.

Пры спробе пасадкі ў аэрапорце Джуба ва ўмовах навальніцы і нізкай бачнасці, самалёт зачапіў дрэва і знёс будынак. Экіпаж паспрабаваў набраць вышыні. Рэактыўны струмень ад рухавікоў пашкодзіў дах яшчэ аднаго жылога дому.

Прадстаўнікі міжнароднай харчовай праграмы ААН у Паўднёвым Судане пацвердзілі, што ў адным з пашкоджаных дамоў загінула пяцігадовая дзяўчынка. Двое дарослых, хлопчык і дзяўчынка атрымалі траўмы.

Як паведамляе The Aviation Herald, сведка інцыдэнту на зямлі бачыў, як самалёт выйшаў з-за хмар па-за лініяй цэнтральнай пасадачнай паласы бліжэй да гатэля «Hotel Rainbow» (на мапе), паспрабаваў зрабіць выхад на новае кола, але зачапіў будынак, пасля чаго падняўся ў неба.

ІЛ-76 пры сутыкненні з будынкам пашкодзіў шассі і быў вымушаны сесці аварыйна ў аэрапорце Уганды.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў