Беларускі Герадот, які даў нам гісторыю

video

Яго называюць беларускім Герадотам. Знакаміты археограф, краязнавец, даследчык летапісаў Мікола Улашчык даводзіў адданасць Беларусі не толькі навуковымі працамі, але і ўласным няпростым лёсам. Пра гэта кніга «Даць народу гісторыю», якую прэзентавалі ў Таварыстве беларускай мовы.

У кнігу ўвайшлі ўспаміны Мікалая Улашчыка 1918–1920 гадоў, якія захоўваліся доўгі час у доктара Арсена Ліса. Укладальнік кнігі Міхась Скобла кажа: «Успаміны, напрыклад, як Улашчык, будучы навучэнцам школы, 25 сакавіка 1919 года адзначаў дзень БНР, якое гэта было свята пад бел-чырвона-белымі сцягамі, – ён гэта апісвае».

У кнізе вялікі эпісталярый – 128 лістоў, якія друкуюцца збольшага таксама ўпершыню. Улашчыку пісалі такія асобы, як Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Янка Брыль. Ёсць тут і каштоўны матэрыял, які ўдалося здабыць з архіву КДБ аўтару ідэі выдання Аляксею Каўку – гэта паказанні Мікалая Улашчыка з ягонай асабовай справы, калі ён быў упершыню арыштаваны ў 1930 годзе. Увогуле гісторык перажыў пяць арыштаў, правёў у месцах пазбаўлення волі ажно 25 гадоў.

«Але сімптаматычна, што ў сваіх паказаннях у 1930 годзе на следстве ён заяўляў, што мэта ягоная і ягоных сяброў – гэта незалежная Беларусь», – згадвае Міхась Скобла.

У Беларусі пры жыцці гісторыка не выдалі ніводнай ягонай кнігі, усе яны выходзілі ў Маскве, дзе ён фактычна заставаўся ў вымушанай эміграцыі – вярнуцца і працаваць на радзіме яму не дазвалялі. Сёлета адзначаецца 110-годдзе вядомага гісторыка, прэзентацыя кнігі адбылася ў Магілёве і ў Менску, плануецца яна і ў Маскве.

Іншыя тэмы: Онлайн-фестываль беларускага кіно «BELARUSDOCS» распачаўся на сайце afisha.tut.by. Выстава «Гісторыя аднаго капялюшыка» запрашае ў гомельскі палац Румянцавых-Паскевічаў.

Аляксандра Дорская, Настасся Храловіч, Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары