Беларускі фэйсбук: «У ерасі не ўдзельнічаю!»


Дзе праводзіць дзень выбараў беларускі сегмент сацыяльнай сеткі.

Лідзія Ярмошына паведаміла, што а 18:00 яўка склала болей за 80%. Можна меркаваць, што прыкладна столькі беларусаў не карыстаецца фэйсбукам. Бо калі зірнуць на прыватныя старонкі, «чэкіны» бачныя ў Амстэрдаме, Варшаве, у вёсцы ці пад коўдрай. Адзін з двух вольных дзён на тыдні людзі не хочуць марнаваць нават дзеля будучыні.

Беларускі вандроўнік Аляксей Язылец, які аб’ехаў усю планету аўстастопам, выбраўся ў гэтыя выходныя ў горы на чэска-польскай мяжы: «Сяджу каля каміна ва ўтульнай хаце, грэюся, бо тэмпература ўпала да нуля, чытаю каментары пра навіны дзяржканалаў. Мой любімы тэлевізар – камін. У ерасі ўдзелу не бяру!»

Яўген С. піша, што «гэта першыя выбары за апошнія 14 гадоў майго жыцця, калі выніку можна не чакаць і за яго не хвалявацца. Не скажу, што лукашызм забраў маю веру ў светлую будучыню, але сёння з чыстым сумленнем выехаў на піва» і кебаб у адно з памежных польскіх мястэчак.

Яся з Менску выехала разам з мужам у Львоў, каб белым віном і «вустрыцамі тапіць за байкот».

Ледзь не прыехаў у сталіцу Глеб Хамутоў: «Хочацца набыць квіток Варшава-Менск, каб заўтра…». Пост каментуе літаратуразнаўца і палітолаг Аляксандр Федута: «Не думайце нават! А то яшчэ і галасаваць пойдзеце. Я вас ведаю».

Адзіны знаёмы, хто ўсё ж такі адмыслова вярнуўся ў сцюдзёны выбарчы Менск з камандзіроўкі ў рознакаляровым святочнам Зімбабвэ, юрыст Андрэй С. каментуе: «З карнавала на карнавал».

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў