Беларускі дыпламат у ЗША: На коне наша незалежнасць, працягніце руку дапамогі Беларусі


Часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША Павел Шыдлоўскі зрабіў шэраг гучных заяў, выступаючы на канферэнцыі Атлантычнай рады, прысвечанай праблемам Усходняга партнёрства. Кіраўнік беларускай амбасады прызнаў праблемы з дэмакратыяй у Беларусі, аднак папрасіў «працягнуць руку дапамогі», таму што незалежнасць краіны знаходзіцца пад пагрозай.

Сярод выступоўцаў на канферэнцыі былі былы еўракамісар ў пытаннях палітыкі суседства Штэфан Фюле, былая кіраўніца МЗС Іспаніі Анна Палацыё, старшыня камітэту па міжнародных справах Еўрапарламенту Элмар Брок і кіраўнік камітэту па правах чалавека Вярхоўнай рады Украіны Рыгор Нэмыра.

Часовы павераны Беларусі Павел Шыдлоўскі знаходзіўся ў глядзельнай зале і пасля выступленняў удзельнікаў дыскусіі ўзяў мікрафон (1.06.00 на відэа), прадставіўся і падзякаваў арганізатарам за запрашэнне, а таксама за «гарачы абмен думкамі». Самага Шыдлоўскага на запісы не відаць, толькі чутны яго голас. Аднак адзін з прысутных на канферэнцыі, былы супрацоўнік беларускага МЗС Валерый Кавалеўскі пацвердзіў tut.by, што выступаў менавіта кіраўнік беларускай амбасады.

«Зноў усё крытыкуюць Беларусь за праблемы з правамі чалавека. Так, у нас ёсць праблемы з правамі чалавека, праблемы з дэмакратыяй. Усё не так ідэальна, як магло б быць. Мы робім усё, што можам, каб палепшыць сітуацыю з правамі чалавека. Але ў сённяшняй сітуацыі важна, што на коне наш суверэнітэт, наша незалежнасць», – заявіў Шыдлоўскі.

У такой сітуацыі, працягнуў ён, Беларусь неабходна далучаць у супрацу і з ЕЗ, і з Расеяй. «Таму я прапаную ўсім выступоўцам прызнаць асаблівае месца Беларусі, яе асаблівую ролю ў гэты момант і працягнуць ёй руку дапамогі ў той эканамічнай сітуацыі, у якой яна апынулася ў сувязі з эканамічнымі праблемамі ў Расеі», – сказаў беларускі дыпламат.

Ён заявіў, што Беларусь шануе павагу да яе суверэнітэту, і зноў заклікаў пачаць супрацоўнічаць з Беларуссю.

Праз нейкі час (1.11.15 на запісы) адзін з удзельнікаў канферэнцыі, украінскі дэпутат Рыгор Нэмыра спытаў у беларускага дыпламата, хто менавіта пагражае беларускай незалежнасці. Пакуль Шыдлоўскаму перадавалі мікрафон, узнікла паўза і хтосьці сказаў: «Літва». Гэта выклікала смех у зале.

Беларускі дыпламат, у сваю чаргу, адказаў, наша краіна аказалася паміж молатам і кавадлам: вайна, як сказаў Аляксандр Лукашэнка, ідзе ля самых нашых межаў, а на захад ад Беларусі пачалася гонка ўзбраенняў. Таму, паўтарыў Шыдлоўскі, Беларусь адчувае пагрозу свайму суверэнітэту і незалежнасці.

Яго перапыталі, што менавіта стала прычынай такой занепакоенасці: нестабільнасць або канкрэтная краіна. На гэта беларускі дыпламат адказаў: «Нестабільнасць, не канкрэтная краіна. Я не буду называць канкрэтныя краіны. Нестабільнасць, непрадказальнасць, гонка ўзбраенняў на захад ад нас. Мы павінны разумець, што адбываецца, што гэта не накіравана супраць нас, што наша краіна не стане разменнай картай у гэтай геапалітычнай гульні, і што мы не страцім незалежнасць».

Менавіта таму, падкрэсліў Шыдлоўскі, Беларусь унесла змены ў закон аб ваенным становішчы, якія мае ўступіць у сілу 1 лютага. «Гэты закон вызначае асаблівыя падставы для абвяшчэння ваеннага становішча ў краіне», – дадаў кіраўнік беларускай амбасады.

Паводле tut.by

Стужка навінаў