Беларускі дыджэй у Літве: «50 % часу сыходзіць на напісанне музыкі, 50 % – на напісанне лістоў»


Віленскі дыджэй Stereobeaver распавядае «Белсату» як прыйсці ў прафесію, зрабіць карʼеру за мяжой і тлумачыць, чаму дыджэінг – ідэальны занятак для бамжоў.

Беларусь – музычны апендыкс

Якую ролю граюць дужкі з кодам краіны побач з імем на афішы?

Гэта такая гульня: у Літве мяне падпісваюць як беларускага дыджэя, у Беларусі – як літоўскага. Гэта зручныя маркеры каб звабіць людзей – зручнейшыя, чым назва лейбла побач.

Я адчуваю сябе літоўскім дыджэем, бо я знаходжуся ў літоўскім музычным асяроддзі, і тая музыка, якую я чую вакол – яна «літоўская». Беларусь – музычны апендыкс: да нас трэнды даходзяць з затрымкай, у Літву прыходзяць раней. Наагул, трэнды падхопліваюцца не ўсюды і не заўсёды: у кожнай краіны свая спецыфіка.

У гэтым выпадку людзі ідуць на «літоўскую музыку» або проста на замежніка?

Звычайна на замежніка. Тут ёсць нюанс маштабаў: калі дыджэй сусветнага ўзроўню адпраўляецца ў тур – усё роўна, што напісана каля яго імя. Калі ж людзі проста глядзяць у «Фэйсбуку», якую адну з пяці бясплатных тусовак ім абраць – хутчэй яны проста з цікаўнасці пойдуць на прыезджага, чым на мясцовага дыджэя, якога яны тут пастаянна чуюць. Вельмі мала людзей перад вечарынкай знойдзе і паслухае музыку, якую гэты замежнік грае.

З людзьмі трэба размаўляць

Дзе можна навучыцца дыджэіць?

Не раю хадзіць у дыджэйскія школы: яны забіваюць патэнцыял і падыходзяць толькі людзям, якім патрэбны шлях, які іншыя ўжо прайшлі. Астатнім я рэкамендую вучыцца ў сеціве, дзе існуе велізарная колькасць ангельска- ды расейскамоўных рэсурсаў. Напрыклад, «digital dj tips» калісьці вельмі дапамог мне працаваць з адборам музыкі і яе захоўваннем у архівах.

Што наконт практыкі, прасцей за ўсё пачаць граць на камп’ютары. Дома можна ўсё выпрабаваць, падрыхтаваць нейкія кавалкі для розных сітуацыяў. У клубе ты адчуваеш, што вось зараз людзям трэба гэта – і зводзіць жыўцом свае нарыхтоўкі. Зараз я так ніколі не раблю, а проста бяру з сабой некалькі CD-боксаў з калекцыяй музыкі, прыходжу і граю, гледзячы па ходзе як рэагуюць людзі, куды мне хочацца гэта развіваць.

Адназначна дапаможа музычная адукацыя. Трэба разумець гармонію: яна важная для звядзення. Але самае галоўнае для дыджэя – праца з энергіяй. Калі табе падабаецца трэк, але ў яго цёмная атмасфера, і ты трымаеш цёмны напал – табе трэба яго або разрадзіць, або зрабіць нейкі выбух: напрыклад, згуляць поп-трэк.

Музычная тэорыя важная, таму што калі дыджэй не разумее, што такое гармонія, ён будзе арыентавацца на рытм або тэмп, а гэта не заўсёды працуе. Можна звесці два трэка – у адным тэмпе, але абсалютна супрацьлеглыя, – і разагнаць палову танцпляцу, бо ня будзе працягу гісторыі, якую распавядаеш музыкай.

А як навучыцца разумець танцпляц?

Для гэтага трэба пачытаць артыкулы ў інтэрнэце. Ёсць базавыя правілы: напрыклад, дыджэй павінен глядзець на сваю аўдыторыю. Ён павінен бачыць, што музыка іх чапляе: хтосьці пачынае галавой матляць, хтосьці – нагой тупаць. Калі нейкая кампанія людзей пачынае танчыць, трэба пачынаць працаваць з імі. Трэба кантактаваць з людзьмі, а не ўтыкацца ў апарат і круціць што хочацца. З людзьмі трэба размаўляць.

А што рабіць, калі разумееш, што наагул нікуды не патрапіў і ўвесь танцпляц перайшоў да барнай стойкі?

Змяніць музыку. Універсальны дыджэй пераскочыць на радыкальна іншы напрамак: напрыклад, з олд-хаўса на гіп-гоп. І людзі, якія не чакалі пачуць гіп-гоп, вырашаць: «О, выдатна, давай танчыць!».

«Ганарару не будзе, але аплацім дарогу»

У якім узросце звычайна пачынаюць дыджэіць?

Мне здаецца, што калі людзі пакаталіся на скейтах – самы час пачаць круціць. У 16, мусіць.

Што рабіць хлопцу з вёскі, якому няма дзе катацца на скейце?

Спачатку – пайграць у мясцовым клубе тое, што людзі там звычайна слухаюць. А потым паспрабаваць запісаць міксы таго, што яму самому падабаецца, і адправіць іх у клубы ды прамоўтарам у іншыя гарады. Адзін з дзесяці можа яму адказаць: «О, выдатна, давай прыязджай. Ганарару не будзе, але аплацім дарогу ». І ён прыедзе.

Дыджэю патрэбны нейкі стартавы капітал?

Сёння – не, калі ёсць камп’ютар, на якім можна запісаць дыскі або ўзяць яго ў клуб. Яшчэ патрэбныя навушнікі, вядома. Потым, канешне, паступова з’яўляюцца нейкія выдаткі – у залежнасці ад таго, з якімі тэхналогіямі дыджэй працуе.

А колькі працоўнай прасторы трэба мець у хаце?

Калі дыджэй грае з вінілу, ён назапашвае шмат плытаў, якія трэба дзесьці захоўваць. Калі казаць пра нейкую асабістую студыю, мне б хапіла аднаго пакою памерам 4 на 4 метра: гэтага будзе дастаткова, каб паставіць гук, кампʼютар і некалькі манітораў, каб зручна было працаваць. Наагул, большасць дыджэяў працуе на каленцы: ставіць на стол кампʼютар ды CD-мікшар – і ўсё.

Значыць, дыджэем можа быць бяздомны?

Так, гэта быў адзін з канцэптаў, які мы нядаўна абмяркоўвалі з сябрамі: дыджэй-валацуга, які перамяшчаецца з гораду ў горад, дзе выступае на вечарынках.

З чаго трэба пачынаць будаваць міжнародную карʼеру?

Уся гэтая дыджэйская праца – гэта не зусім пра музыку, на самай справе, а пра менеджмент. Трэба пачынаць з яго: прысутнічаць у медыях, на нейкіх глабальных пляцоўках, трэба знаёміцца ​​з людзьмі, развіваць кантакты з прамоўтэрамі, з іншымі дыджэямі, рабіць рэлізы, выкладваць міксы ў сеціва. Без медыяпрысутнасці нічога не атрымаецца. На практыцы выходзіць так, што 50 % працоўнага часу сыходзіць на напісанне музыкі, 50 % – на напісанне лістоў.

Гэтым лепш займацца самастойна ці даручыць таму, хто лепшы ў менеджменце?

У ідэале, вядома, лепей зліць гэта іншай асобе, але гэта каштуе грошай. Таму ўсе пачаткоўцы робяць усё самі. І гэта – самы складаны этап, таму што няма ўніверсальных рэцэптаў, усё занадта хутка мяняецца цяпер у музычным і медыйным асяроддзі, таму трэба самому тузаць за шмат нітачак адразу.

Наагул, шанцаў на гэтым рынку больш у таленавітага менеджара, чым у таленавітага дыджэя.

Мара прыбытку не прыносіць

Ці можна зарабіць на хлеб толькі дыджэінгам?

Так. У Літве я ведаю дваіх або траіх чалавек, якія зарабляюць толькі дыджэінгам. У Латвіі ведаю аднаго – гэта Алвіс Калнацс (Alvis Kalnacs). Гэтыя людзі, як правіла, ставяцца да музыкі фанатычна і займаюцца ёю даўно. 3-4 дні на тыдзень, з чацвярга па нядзелю, яны граюць вечарынкі, а ў панядзелак і аўторак адпачываюць.

Каб зарабляць дыджэінгам у нашым рэгіёне, трэба ўвесь час працаваць у розных напрамках. Напрыклад, граць драм-энд-бэйс і брэйкс. Акрамя вечарынак граць таксама на вяселлях і карпаратывах, у дадатак – быць сальса-дыджэем.

А як прафесійныя дыджэі глядзяць на тых, хто грае на вяселлях?

Мы можам уявіць сабе чалавека, які кідае працу ў офісе і спрабуе злавіць мару. Але мара прыбытку не прыносіць. У яго ёсць запрашэнні ад знаёмых і сяброў на нейкія карпаратывы – і ён іх бярэ, таму што яму трэба зарабляць грошы. Але агулам такая праца не прыносіць задавальнення: дыджэі на вяселлях граюць папулярную музыку, якая ім самім не вельмі цікавая.

У такім дыджэінгу ў мяне досведу практычна няма: на карпаратыве граў аднойчы. Няўдзячная праца. Вясельны дыджэй – маленькі вінцік у чужой праграме: трэба рабіць музыку цішэй, калі госці хочуць жартаў, падчас конкурсаў трэба ставіць музыку з нейкіх флэшак, якія табе падсоўваюць. Па сутнасці, дыджэй на вяселлі – чалавек, адказны за пульт. Звычайна ў яго ёсць дзве гадзіны, каб забаўляць людзей на танцпляцы, каб ім было камфортна танчыць. Але мой сябар Вітаўтас Версецкас (Vytautas Verseckas) з якім мы граем разам тропікі, вельмі нядрэнна зарабляе на літоўскіх карпаратывах.

У апошні час у розных краінах, у тым ліку і ў Беларусі, зʼявіліся дыджэі сталага веку, на якіх ходзіць моладзь. Што іх прыцягвае?

Людзі ходзяць на перформанс. На музыку хадзілі калі не было інтэрнэту. Цяпер не трэба цягнуцца зімой у клуб, мерзнуць у чарзе, каб паслухаць нейкую новую музыку з іншай краін – яе можна паслухаць дома ў адзін клік. У клубы зараз прыходзяць пагутарыць, патусавацца, сябе паказаць.

Твае выступленні складана назваць перформансам.

Я лічу, што ў дыджэінгу важныя дзве рэчы. Па-першае, трэба самому ківацца ад той музыкі, якую ты граеш. Калі яна цябе прэ, то хутчэй за ўсё, яна пачне перці іншых. Па-другое, трэба здзіўляць людзей, рабіць музычны сюрпрыз. Я не шоўмен, і стараюся працаваць з музыкай.

Купіў піва, выпіў яго за паўтары хвіліны, узяў кактэйль – і пачаў граць

Як у дыджэяў з сем’ямі?

Дыджэінг і сям’я – дрэнна сумяшчальныя. Дыджэі працуюць па начах – тым часам сям’я чакае яго недзе ў цёплым ложку. У Мамані (DJ Mamania), галоўнага гіп-гоп-дыджэя Літвы, ёсць дзіця. Але, думаю, гэта даецца яму цяжка.

Пʼеш?

Аднойчы мяне папрасілі пайграць а 6-ай раніцы ў клубе «Трым», даволі папулярным месцы. Я меркаваў, што там нікога не будзе і не разумеў, навошта ім наагул патрэбны дыджэй. Лёг спаць, падняўся а 4-ай, выпіў кавы, прыйшоў у бар, а там натоўп людзей, усё п’яныя. І я разумею, што мы не супадаем паводле тэмпу. Мне хочацца запавольвацца, а аўдыторыі – разганяцца. Я купіў піва, выпіў яго за паўтары хвіліны, узяў яшчэ кактэйль і пачаў граць. Праз дзесяць хвілін піва мяне дагнала, і ўсё – вечарына працягваецца да дзясятай раніцы.

Наркотыкі?

Ты пра што? (Смяецца.) Наагул, якія наркотыкі папулярныя ў нейкай канкрэтнай музыцы – такія наркотыкі папулярныя сярод дыджэяў гэтага напрамку.

Дыджэі любяць дыджэяў?

Ха-ха! Глабальна, напэўна, больш не любяць, чым любяць, таму што дыджэі адзін другому звычайна дастаўляюць непрыемнасці. Могуць зайздросціць, а могуць проста напаскудзіць: ты прыходзіш на свой час, а ён не аддае табе пульт. Або зламаў табе мікшар. Але я тусуюся з дыджэямі, мы нават стварылі групоўку, каб лягчэй прасоўвацца. Трэба быць мацаком, каб прабіцца ў адзіночку.

Ты і праз дваццаць гадоў – дыджэй?

Вядома, такі вусаты ўжо. Я не ўяўляю, што праз дваццаць гадоў будзе з музыкай, але гэта будуць зусім іншыя клубы. Вечарынкі пад вадой? Паглядзім.

Інтэрвʼю і фатаграфіі – Дзяніс Дзюба

Аўтар дзякуе Дарʼі Румянцавай за супрацоўніцтва.

Глядзі таксама
Каментары