Беларускі добраахвотнік «Леў» затрыманы ва Украіне па падазрэнні ў замоўным забойстве


Кастрычніцкі раённы суд Марыупалю пастанавіў узяць пад варту да 19 красавіка беларускага добраахвотніка Ігара Кляўко паводле падазрэння ў выкраданні і наўмысным забойстве.

Паводле матэрыялаў справы,  «Леў» разам з добраахвотнікамі-украінцамі, у другой палове кастрычніка 2014 году, атрымаў заказ «ад асобы, якую зараз намагаецца ўстанавіць следства, на выкраданне, незаконнае пазбаўленне волі і ліквідацыю» жыхара аднаго з прылеглых да Марыупалю паселішчаў.

У судовым рашэнні азначана, што ахвяру вывезлі 2 лістапада 2014 года ў лесапаласу, расстралялі з аўтамату Калашнікава ў спіну і закапалі на месцы. Паводле абвінаваўцаў, выстралы зрабіў менавіта беларус Ігар Кляўко.

На судзе Кляўко адзначыў, што абставіны справы, магчыма і мелі месца, аднак ён насамрэч гэтага не рабіў. Добраахвотнік распавёў суду пра стан свайго здароўя, праз які ён мае праходзіць курс лячэння, а ва ўмовах СІЗА гэта немагчыма. Таму ён прасіў суд не задавальняць хадайніцтва следчага пра арышт. Суд адхіліў хадайніцтва Хілько і пастанавіў  узяць яго пад варту. Рашэнне было матываванае тым, што беларус падазраецца ў здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства, за якое прадугледжана пазбаўленне волі больш за дзесяць гадоў, а таксама тое, што ён «не мае пастаяннага месца пражывання і ўстойлівых сацыяльных сувязяў ва Украіне, і можа схавацца ад органаў дасудовага расследавання».

Ігар Кляўко разам з батальёнамі «Данбас» і ДУК «Правы сектар» быў амаль ва ўсіх гарачых кропках на ўсходзе Украіны: Арцёмаўску, Лісічанску, Ілавайску, Пясках. Падчас баявых дзеянняў ён атрымаў мінна-выбуховае множнае асколачнае раненне мяккіх тканін твару, левай галёнкі, агнястрэльны асколачны пералом левай вялікабярцовай косткі, агнястрэльны пералом левай малабярцовай косткі.

У рашэнні суда Кастрычніцкага раёну Марыупалю адзначаецца, што Ігар Кляўко з’яўляецца нарадзінцам Маладзечна, мае беларускае грамадзянства і статус уцекача ў Чэхіі. Пасля ўдзелу ў добраахвотніцкіх батальёнах ён пачаў службу ва Ўзброеных сілах Украіны паводле кантракту.

У батальёне «Данбас» сітуацыю з затрыманнем Ігара Кляўко пакуль не каментуюць.

ВД, паводле svaboda.org

Стужка навінаў