Беларускі бізнесовец: у літоўскім банку назвалі «рускім бандытам»


Бізнесовец параўнаў, дзе беларусу прасцей весці бізнес: у Літве ці Польшчы

Аляксандр Шулякоўскі, які займаецца пастаўкамі абсталявання для жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі, распавёў, як скараў літоўскі ды польскі рынак.

Спачатку ён спрабаваў развіваць свой бізнес у Літве, аднак у выніку быў вымушаны перавесці яго ў Польшчу.

На ягоную думку, у Польшчы заканадаўства для замежных бізнесоўцаў куды больш прывабнае. Прадпрымальнік таксама сцвярджае, што ў Літве ён сутыкнуўся з адмоўным стаўленнем да замежнікаў, якія карыстаюцца рускай мовай.

«Галоўнае адрозненне, якое кідаецца ў вочы: палякі не адносяцца да цябе горш, таму што ты рускамоўны і замежнік. Яны шукаюць, як зарабіць. Зрэшты, я ж толькі адзін з сотні бізнесоўцаў, і тое дробны. Хоць, я думаю, што для кампаніяў з вялікімі абаротамі і якім не патрэбныя крэдыты, Літва ўсё яшчэ прывабнае месца», – адзначае Аляксандр Шулякоўскі.

Бурны пачатак – сумны канец

Аляксандр распавядае, што гісторыя ягонага бізнесу ў Літве пачалася ў студзені 2011 года, калі ён вырашыў адкрыць кампанію ў гэтай краіне.

«Прычынаў было некалькі. Мы вазілі абсталяванне з Заходняй Еўропы ў Беларусь і Расею. У нейкі момант гэта стала рабіць няёмка. Трэба было абсталяванні збіраць з розных краін, каб вялікімі партыямі вазіць праз мяжу, аплочваючы мыта. Літву абралі, таму што з Менску да Вільні толькі 170 кіламетраў і некалькі гадзін на мяжы. Да таго ж у Літве шмат транспартна-лагістычных кампаніяў», – пералічвае прычыны свайго выбару жыхар Беларусі.

Спачатку кампанія Шулякоўская наняла на працу некалькі чалавек, старт быў паспяховым, і ўжо ў першы год пайшлі прыбыткі.

«На другі год мы вырашылі: а чаму нам не працаваць унутры Літвы, раз ужо ўсё роўна офіс адчынены? І нанялі менеджара па продажах.

Тады ж я пайшоў у банк, і мне сказалі: гэта добра, што ў вас два гады прыбытак, і вельмі добрыя паказнікі, але вы не літовец і ў вас нават няма часовага віду на жыхарства ў Літве (ВНЖ). Я сказаў, што мне не патрэбны від на жыхарства, таму што я хачу жыць там, дзе я жыву, – у Беларусі.

Але яны сказалі, што без ВНЖ я магу наагул забыцца пра крэдыт. Тады я першы раз звярнуўся па ВНЖ», – распавядае беларускі прадпрымальнік.

Архіўны відэасюжэт «Белсату» пра беларускіх бізнесоўцаў у Літве

У канцы 2011 года абвясцілі аб банкруцтве банку «Snoras» і, як адзначае Шулякоўскі, вярнуць яму ўдалося не ўсе грошы, што захоўваліся на рахунках: з 25 тыс. еўраў толькі 11 тыс. еўраў.

«Мы тады ледзь не зачыніліся. Такія грошы забралі з абароту ў адзін дзень. Але мы выстаялі, і зачынілі год з прыбыткам, хоць і маленькім», – узгадвае Шулякоўскі.

У 2014 годзе ў Літве змянілі Закон аб замежніках: цяпер прадпрымальнік мусіў стварыць тры працоўныя месцы, каб уладкаваць на поўны дзень грамадзянаў Літвы альбо ўладальнікаў сталага віду на жыхарства.

«І тут пачаўся ціск. Упершыню я гэта адчуў, калі супрацоўніца банку назвала мяне «рускім бандытам, які адмывае грошы», на што я ёй сказаў, што блытаць беларуса і рускага – гэта як, калі б я яе латышкай назваў, і сказаў бы: ды вы ўсе прыбалты аднолькавыя.

І яшчэ я спытаў у яе, чаму яна лічыць, што абсталяванне для сельскай гаспадаркі раптам стала цікавае бандытам?», – разводзіць рукамі бізнесовец.

З цягам часу яго бізнес у Літве стаў ужо не такім прыбытковым, кампаніі больш быў непатрэбны вялікі штат працаўнікоў.

Польшча: не гавораць па-руску, але ставяцца лепш

У выніку Шулякоўскі вырашыў сысці з Літвы і з зімы 2016 гады працуе на рынку Польшчы.

«У Літве ў нас было некалькі дзясяткаў кліентаў, у тым ліку буйныя аграхолдынгі, а цяпер няма нікога. Мы цалкам згарнулі дзейнасць. Што тачыцца Польшчы, то пра вынікі пакуль складана казаць. Але за апошні час нашыя абароты ў Польшчы выраслі ўдвая. Галоўнае, у нас там наагул няма працаўнікоў, мы ўсё робім з Менску дыстанцыйна, ёсць толькі дырэктар», – сказаў бізнесмен.

І ўсё ж ён марыць вярнуцца ў Літву: яна і геаграфічна бліжэй, і звыклую мову тут разумеюць.

«У Польшчы ў некаторых пытаннях цяжэй. Напрыклад, мне туды ехаць 4-5 гадзін, а не 3 гадзіны, як у Вільню. Акрамя таго, там мала хто размаўляе на рускай, і на ангельскай гавораць менш, чым у Літве. Што датычыцца падатковай сістэмы, то падаткі там трэба плаціць штомесяц. Літва ў гэтым пытанні лепш.

З плюсаў: там нам дадуць крэдыт, хоць ніхто з заснавальнікаў не зʼяўляецца грамадзянінам Польшчы. І да цябе ставяцца па-іншаму – як да звычайнага бізнесоўца, а не бандыта нейкага.

Гэта вельмі адчуваецца менавіта псіхалагічна», – заключае Шулякоўскі.

НМ, belsat.eu, паводле Delfi.lt

Глядзі таксама
Каментары