Беларускі «бацька» паехаў да сусветнага Папы

video

https://youtu.be/_joF3edx_Po

Гэта першы ваяж кіраўніка Беларусі ў Еўропу пасля адмены санкцыяў.

Сёння сустрэча з прэзідэнтам Італіі, а заўтра – з Папам Рымскім Францішкам.

«Маленькі беларускі бацька мае патрэбу сустрэцца з сусветным Папам», – такі загаловак напярэдадні гэтага візіту зʼявіўся ў адным з італьянскіх выданняў.

Ці здолее з дапамогай пантыфіка Лукашэнка паправіць свой імідж і ці не стане гэтая паездка стаць пачаткам вялікага еўрапейскага турнэ Лукашэнкі?

Папы мяняюцца, а бацька застаецца. Сем гадоў таму, падчас папярэдняй адлігі ў стасунках Менску і Бруселю, Лукашэнка ў Ватыкане сустрэўся з тагачасным пантыфікам Бэнэдыктам 16-ым, сёння ж вылецеў у Рым на аўдыенцыю да цяперашняга Папы – Францішка.

Першы візіт у Еўразвяз пасля адмены санкцыяў кіраўнік Беларусі распачаў з сустрэчы ў Куірынальскім палацы з прэзідэнтам Італіі Сэрджам Матарэллем. Тэма размовы – гандлёва-эканамічная супраца, у прыватнасці вядома, што Лукашэнка паляцеў у Рым з прапановаю да італьянскага бізнесу больш актыўна інвеставаць у Беларусь.

«У Італіі прэзідэнт – зусім не тое, што ў Беларусі: няма такіх царскіх паўнамоцтваў, ніякіх няма, гэта цырыманіяльная фігура. Таму, калі даводзяць, што Лукашэнка там будзе пра гандаль, пра інвестыцыі, гэта пыл у вочы. Таму што нічога там гэтая фігура ў плане эканомікі, фінансаў не вырашае», – заўважае Аляксандр Класкоўскі.

У самой Італіі ажыятажу прыезд госця з Беларусі не выклікаў. Сустрэць Лукашэнку на лётнішча прыехаў не прэзідэнт, а кіраўнік дэпартаменту пратаколаў італьянскага МЗС. Тэме ж візіту артыкулы прысвяцілі ўсяго некалькі выданняў. Адзін экалагічны сайт зрабіў акцэнт на будаўніцтве ў Беларусі Астравецкай АЭС, пры гэтым называючы Лукашэнку «апошнім еўрапейскім дыктатарам». Галоўнае выданне краіны «Corriere della sera» задалося пытаннем, ці зможа Папа памірыць Лукашэнку з Захадам. Ды правяло паралелі з амерыканска-кубінскім дачыненнямі.

«Браты Кастра таксама не былі анёламі яшчэ да аднаўлення стасункаў з ЗША, але тады, у тым ліку дзякуючы спрыянню Ватыкана, Вашынгтон пайшоў насустрач Гаване», – адзначае выданне.

Дык ці прыме яшчэ шпарчэй Еўразвяз у абдымкі Лукашэнку пасля сустрэчы апошняга з Папам? Паводле Аляксандра Класкоўскага, разлічваць на гэта не выпадае, бо Захад разумее, што кіраўнік Беларусі ў вялікага дэмакрата не пераўтварыўся.

«Нейкая праграма візітаў я думаю, што цягам бліжэйшых месяцаў можа быць, але не надта вялікая. Добра, калі яшчэ ў адну ці дзве краіны Еўразвяза Лукашэнку запросяць», – прагназуе Аляксандр Класкоўскі.

Галоўная ж сустрэча Лукашэнкі, аўдыенцыя ў Папы Францішка, паводле планаў – заўтра. Што гэтым разам кіраўнік Беларусі падорыць пантыфіку і ці будзе з ім малодшы сын Коля, пакуль застаецца інтрыгаю.

Глядзі таксама
Каментары