Беларускі амбасадар у Расеі: «навацыі» на мяжы выклікаюць заклапочанасць грамадзянаў


Ігар Петрышэнка

Амбасадар Беларусі ў Расеі Ігар Петрышэнка выказаўся пра праблемы на мяжы.

Паводле яго, «навацыі» перасячэння беларуска-расейскай мяжы, выклікаюць заклапочанасць як з боку грамадзянаў Беларусі і Расеі, так і з боку грамадзянаў трэціх краінаў. Прычым амбасадар адзначыў, што змены ініцыяваныя не Менскам.

«За больш чым дваццацігадовы перыяд адкрытасці мяжы для ўсіх грамадзянаў, у тым ліку замежных, якія наведваюць нашыя краіны, стала звыклым і зручным падарожнічаць праз Беларусь у Расею і назад на асабістым транспарце, аўтобусам, цягніком. Цяпер жа з-за адсутнасці міжнародных пунктаў пропуску на сухапутнай мяжы грамадзяне трэціх краінаў вымушаныя закладаць немалы крук праз краіны Балтыі ці праз Украіну. Дорага і нязручна. Зʼявіліся памежныя зоны, адноўлены пашпартны кантроль, растуць чэргі ў месцах пропуску», – заявіў Ігар Петрышэнка.

Пры гэтым ён дадаў, што клопатаў беларускім памежніка дадало і рашэнне Расеі перанакіроўваць у міжнародныя тэрміналы ўсе авіярэйсы паміж краінамі. Ігар Петрышэнка лічыць такую сітуацыю парадоксам, паколькі аналагічны рэжым з’явіўся ў Расеі значна раней (спрошчаны – праз свабодны порт Уладзівастоку – у Прыморскі край і на паромах – увогуле без візаў – у Санкт-Пецярбург).

«Але не гэта галоўнае. Тлумачу: увёўшы бязвізавую пяцідзёнку, мы толькі адмовіліся ад збірання візавага збору, а ў плане ажыццяўлення кантрольных функцый і мерапрыемстваў сітуацыя засталася фактычна ранейшай», – заўважыў Петрышэнка.

Амбасадар мяркуе, што нягледзячы на жаданне прыняць дадатковыя меры бяспекі для сваіх краінаў і грамадзянаў, варта не забываць не толькі пра захаванне транзітнай і турыстычнай прывабнасці краінаў, але і пра «імідж Саюзнай дзяржавы ў цэлым».

Ігар Петрышэнка адзначыў, што цяпер вядзецца актыўны дыялог на розных пляцоўках – ад экспертных да высокіх дзяржаўных – дзе абмяркоўваюцца магчымасці прыняцця сумесных захадаў у плане забеспячэння бяспекі на вонкавай мяжы Саюзнай дзяржавы.Таксама вядзецца спроба аднавіць ранейшы рэжым перасячэння беларуска-расейскай мяжы «без страты для бакоў і пры безумоўным выкананні правоў нашых суграмадзянаў у плане свабоды перамяшчэння», дадаў дыпламат.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле «РИА Новости»

Глядзі таксама
Каментары