Беларуская зона шчасця: чаму на Гарадзеншчыне найбольш 100-гадовых людзей?


«Блакітныя зоны» – так называюць пяць мясцовасцяў у свеце, дзе людзі жывуць найдаўжэй. У Беларусі ёсць свая «блакітная зона». Ці ўдалося навукоўцам высветліць сакрэт яе доўгажыхароў?

Апошнія дзесяць гадоў самая малая па насельніцтве Гарадзеншчына нязменна займае першае месца па колькасці жыхароў, якія перакрочылі 100-гадовы рубеж. Belsat.eu высвятляў, ці займаліся гэтым феноменам навукоўцы.

Загадчык кафедры тэрапіі Беларускай медычнай акадэміі паслядыпломнай адукацыі (БелМАПА), доктар медычныіх навук, прафесар Мар’ян Прыстром у 2009-м выдаў кнігу «Сродкі захавання здароўя і даўгалецця». У размове з belsat.eu ён сказаў, што не сутыкаўся з навуковымі спробамі высветліць, чаму менавіта Гарадзенская вобласць трымае лідарства ў рэйтынгу даўгажыхарства:

«Думаю, такіх даследаванняў няма». Сам ён апошнімі гадамі пераключыў навуковыя зацікаўленні на маладзейшую аўдыторыю, у якой усё болей праблемаў са здароўем: «Калі маладыя не будуць здаровымі, яны і да 100 гадоў не дажывуць», – патлумачыў Мар’ян Прыстром змену прыярытэтаў.

Перад Чарнобылем даўгажыхарамі былі палешукі

Паводле яго, феномен Гарадзеншчыны цяжка абгрунтаваць. На здароўе, пералічвае суразмоўца, вялікі ўплыў маюць навакольнае асяроддзе (каля 40 %) і спадчыннасць (20 %). Рэшта – гэта лад жыцця (харчаванне, умовы працы і побыту) ды ўзровень сістэмы аховы здароўя. Да аварыі на Чарнобыльскай АЭС, зазначае спадар Прыстром, найбольш 100-гадовых насельнікаў мела Гомельшчына. Паводле гэтага паказніка Палессе знаходзілася побач з традыцыйнымі савецкімі лідарамі – Нагорным Карабахам і Грузіяй. Тады таксама ніхто не высвятляў, чаму палешукі жылі так доўга.

Уплыў Чарнобылю відавочны, аднак найменш забруджаных сельскагаспадарчых земляў не ў Гарадзенскай вобласці, а ў Віцебскай, якая ў нашым рэйтынгу толькі на чацвёртым месцы. Заходнія даследчыкі «блакітных зонаў» адным з фактараў, які падаўжае жыццё, называюць рэлігійнасць. Магчыма, гэта датычыць і Гарадзеншчыны, дзе жыве найбольш каталікоў. Сярод прадстаўнікоў гэтай канфесіі значна больш тых, хто рэгулярна ходзіць у храм, чым сярод праваслаўнай большасці. Пра гэта сведчаць публікацыі Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў і кафедры сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

«Блакітныя зоны»

Прыкладна сем гадоў таму амерыканскі падарожнік з Мінэсоўты (Minnesota) Dan Buettner пачаў даследаваць мясцовасці, дзе людзі жывуць найдаўжэй і да глыбокай старасці не патрабуюць дагляду, бо радзяць сабе самі. Ён назваў іх «блакітнымі зонамі» (blue zones) і прыцягнуў да праекту навукоўцаў. Даследаванні сканцэнтраваліся на пяці мясцовасцях: Ікарыі (Грэцыя), Нуары (Сардынія), Окінаве (Японія), Лёма Лінда (Каліфорнія) і Нікоі (Коста-Рыка) і працягваліся больш за дзесяць год пры падтрымцы таварыства National Geografic.

Цікава, што ніхто з доўгажыхароў не займаўся спортам! Але затое яны шмат хадзілі пешкі, працавалі ў садзе і гародзе. Апрача гэтага, да галоўных фактараў, якія спрыяюць працягламу жыццю, вучоныя назвалі: моцную сям’ю, адмову ад палення, напалову вегетарыянскую дыету, грамадскую актыўнасць і спажыванне бабовых.

Тры шчаслівыя ваяводствы

Палякі жывуць у сярэднім 72 гады, полькі – 80. Рэкордную колькасць стогадовых грамадзянаў нашыя заходнія суседзі зарэгістравалі ў 2011 годзе: амаль 2 000. Цікавы тут геаграфічны аспект: мапы доўгажыхароў і доўгажыхарак не супадаюць. Напрыклад, у Апольскім ваяводстве, дзе найбольш спадарыняў перакрочылі 100-гадовы рубеж, мужчыны жывуць толькі на год даўжэй, чым у сярэднім па краіне. Для моцнага полу больш спрыяльныя Вялікапольскае і Паморскае ваяводствы.

У 2001-2004 гадах Міжнародны інстытут малекулярнай біялогіі ў Варшаве абследаваў 346 чалавек, якім споўнілася 100 гадоў, з усёй Польшчы. Ці ўдалося навукоўцам знайсці адказ на пытанне, як пражыць цэлае стагоддзе?

«На жаль, універсальнага рэцэпту даўгалецця не існуе, – адказвае ў інтэрв’ю «Nowej Trybunie Opolskiej» каардынатарка праграмы, доктар Малгажата Масакоўска (Małgorzata Mossakowska). – Аднак ёсць некалькі агульных рысаў, якія аб’ядноўвалі гэтых людзей. Па-першае, усё жыццё яны мелі зграбную хударлявую фігуру, былі аптымістамі і не паддаваліся стрэсу. Большасць ніколі не палілі тытуню, а алкаголь пілі вельмі рэдка. Вынікі даследавання таксама прадэманстравалі, што даўгалеццю спрыяе жыццё ў вялікіх сем’ях, побач з прадстаўнікамі розных пакаленняў, добрыя стасункі паміж роднымі, а таксама пачуццё, што нягледзячы на свой узрост, ты ўсцяж ім патрэбны. Сярод стогадовых не было ніводнага халастога мужчыны і толькі адзін з іх не меў дзяцей».

«Уплыў на даўгалецце маюць і гены, – дадае доктар Томаш Хузарскі (Tomasz Huzarski ) з аддзялення генетыкі і патамарфалогіі Паморскай медычнай акадэміі. – У 30% выпадкаў менавіта яны вырашаюць, пражыве хтосьці 80 гадоў ці 100».

Што працягвае жыццё гарадзенцам? Гэтае пытанне, чамусьці, айчынных навукоўцаў не цікавіць. Загадчык кафедры геранталогіі і герыятрыі з курсам алергалогіі і прафпаталогіі БелМАПА, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Аляксандр Байда пацвердзіў, што даследванняў на гэтую тэму ў Беларусі ніхто не вядзе.

Інга Астраўцова

Стужка навінаў